У шэрагу ананімных тэлеграм-каналаў, блізкіх да беларускага войска, з'явіліся паведамленні аб тым, што 48-гадовы намеснік начальніка Генштаба Андрэй Пасека вызвалены ад пасады пры дзіўных абставінах.
Зласловяць, што пры будаўніцтве ўласнага дому ён прыцягваў да таго падначаленых. Якіх канкрэтна — не паведамляецца.
Фота: mil.by
Інфармацыю аб вызваленні са службы ў Мінабароны пацвердзілі.
«23 снежня міністр абароны падпісаў загад аб звальненні палкоўніка Пасекі «ў сувязі з учыненнем правіннасці, прадугледжанай кантрактам у якасці падставы для яго датэрміновага скасавання», — сказала «Нашай Ніве» прэс-аташэ міністра абароны Наталля Гаўрусік.
«Але ні аб якім задзейнічанні вайскоўцаў тэрміновай службы гаворкі не ідзе, цяпер камендатура праводзіць праверку ў дачыненні да палкоўніка Пасекі. Пакуль гэта ўсё», — дадала яна.
На гэтай пасадзе Пасека служыў з 2017-га, ён курыраваў тэрытарыяльную абарону.