Высветліць месцазнаходжанне верхавода «Ісламскай дзяржавы» ўдалося дзякуючы інфарматару з яго найбліжэйшага атачэння, паведамляе Washington Post. Гаворка ідзе пра аднаго з актыўных удзельнікаў ІД, які каардынаваў перамяшчэнні Абу Бакра аль-Багдадзі па Сірыі і нават дапамагаў уладкаваць яго прытулак у правінцыі Ідліб.

Паводле выдання, перабежчык даў амерыканскай выведцы не толькі звесткі пра тое, дзе менавіта хаваецца тэрарыст. Ён перадаў і план пакояў у будынку, што было вельмі важна падчас штурму.

Інфарматар быў настолькі блізкі да аль-Багдадзі, што ў момант спецаперацыі знаходзіўся ў гэтым жа доме. Праз два дні пасля штурму яго вывезлі з краіны разам з усёй сям'ёй.

Цяпер мужчына можа разлічваць на $25 млн, якія былі абяцаны за галаву аль-Багдадзі. Аднак мяркуецца, што дзейнічаў ён не толькі з-за грошай. Адна з крыніц WP сцвярджае, што гаворка ідзе пра араба, які вырашыў адпомсціць сваёй арганізацыі за забойства аднаго са сваякоў. Першапачаткова ён кантактаваў з курдамі з «Сірыйскіх дэмакратычных сіл», якія паведамілі пра агента амерыканцам. Тыя доўгі час правяралі, наколькі інфарматар праўдзівы. А калі зразумелі, што знайшлі патрэбнага чалавека, пачалася падрыхтоўка да спецаперацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0