На поўначы Англіі ратавальнікі спрабуюць дабрацца да мужчыны, які звісае ўніз галавой з 90-метровай цаглянай трубы былой тэкстыльнай фабрыкі, піша Бі-бі-сі.
Выратавальныя работы вядуцца прыкладна з 02:20 раніцы панядзелка, пішуць відавочцы ў твітары. Паліцыя, пажарныя і хуткая дапамога прыбылі да месца здарэння пасля таго, як мясцовыя жыхары паведамілі пра крыкі і завыванні, якія даносіліся з трубы Дыксана — славутасці горада Карлайл.
На відэа ў сацсетках відаць, што мужчына вісіць дагары нагамі з голым торсам.
Пажарныя і паліцыя пускалі ў ход верталёт і дроны, але пакуль ратавальнікі не могуць дабрацца да мужчыны. Ратавальнікі чакаюць прыбыцця пад'ёмнай платформы, здольнай падняць іх на 90 метраў.
«Гэта вельмі складаны працэс, улічваючы ў якой небяспецы знаходзіцца мужчына і наколькі абцяжараны доступ да яго», - сказаў прадстаўнік пажарнай службы Камбрыі Джон Маквэй.
«Мы разглядаем некалькі спосабаў бяспечнага выратавання гэтага чалавека», — заявіў інспектар паліцыі Камбрыі Мэт Кенерлі.
Па словах паліцэйскага, службы хуткага рэагавання задзейнічалі дроны і спрабавалі даставіць каманду ратавальнікаў на верталёце, каб перакінуць яе на трубу.
«Дзве гэтыя спробы не ўвянчаліся поспехам з-за сумненняў у тым, наколькі моцна мужчына прымацаваны да лесвіцы на вяршыні трубы. З гэтых жа меркаванняў мы не можам адправіць выратавальніка ўверх па лесвіцы. Лесвіца таксама пашкоджана», — сказаў ён.