Сакрэтная служба ЗША дапытвала рэпера Эмінема з-за песні з «пагрозлівым» тэкстам у адрас дачкі прэзідэнта краіны Іванкі Трамп. Дакументы, атрыманыя Buzzfeed, сведчаць аб тым, што агенты службы размаўлялі з рэперам аб яго песні Framed, піша Бі-бі-сі.

У гэтай песні Эмінэм (сапраўднае імя Маршал Мэтэрс) згадвае пра тое, што Іванка Трамп знаходзіцца ў багажніку яго машыны, пасля чаго «дурная маленькая бялявая дзяўчынка» аказваецца «кінутай у сажалку».

Супрацоўнікі сакрэтнай службы абмежаваліся адной размовай з Мэтэрсам — далейшага развіцця гэта справа не атрымала.

Паводле дакументаў, на якія спасылаецца Buzzfeed, расследаванне было адкрыта пасля таго, як у Сакрэтную службу на гэтую песню паскардзіўся «заклапочаны грамадзянін».

Гэтым чалавекам апынуўся журналіст выдання TMZ, які ў рэчаіснасці звяртаўся ў службу па каментар.

«Я хацеў бы даведацца, ці вядзе служба расследаванне ў дачыненні да Эмінема з-за пагрозлівай песні пра Іванку Трамп», — казалася ў яго запыце ў Сакрэтную службу.

Пасля гэтага служба пачала вывучаць рэпера — у дакументах у прыватнасці адзначана яго мянушка Слім Шэйдзі

Агенты звязаліся з яго адвакатамі ў канцы 2017 года, а допыт адбыўся ў студзені 2018 года.

У ходзе допыту агенты цытавалі іншы прысвечаны Трампу фрыстайл, з якім Эмінем выступіў на адной з цырымоній узнагароджанняў. Рэпер успомніў той тэкст і пачаў зачытваць яго адначасова з супрацоўнікамі Сакрэтнай службы, гаворыцца ў дакументах.

Двума днямі пазней допыт Эмінема абмяркоўвалі на нарадзе ў Сакрэтнай службе, дзе было прынята рашэнне не накіроўваць справу пракурору.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0