У злачынстве абвінавачваюцца беспрацоўныя Магамед Гаджыеў і Раман Галушка. Па дадзеных следства, у чэрвені 2018 года яны высачылі генерала, калі той высаджваў дачку з машыны «Таёта Камры». Мужчыны напалі на Пастушкова і сілком перасадзілі яго ў свой аўтамабіль. Чэкіста прывезлі ў прыватны дом у падмаскоўным Відным, дзе пачалі збіваць і катаваць электрашокерам, каб ён распавёў пра схаваныя грошы. Гаджыеў і Галушка прыгразілі закладніку распаленым паяльнікам, пасля чаго ён здаўся.

Генерал з выкрадальнікамі прыехалі ў яго загарадны дом у Адзінцоўскім раёне, дзе ён паказаў схованкі з грашыма. Гаджыеў і Галушка выкапалі на ўчастку сем пластмасавых кантэйнераў, у якіх у рознай валюце знаходзілася пяць мільёнаў даляраў.

Забраўшы грошы, выкрадальнікі кінулі Пастушкова на дарозе ў Раменскім раёне. Яго падабраў кіроўца і адвёз у бальніцу. Туды была выкліканая паліцыя, і пацярпелы паведаміў пра злачынства.

Гаджыева і Галушку злавілі з сумай, эквівалентнай больш чым 3 мільёнам даляраў. Астатнія грошы яны паспелі патраціць на новыя машыны, рэстараны і дзяўчат. Ім паставілі ў віну выкраданне чалавека і вымагальніцтва. Яны прызналі віну, але затым адмовіліся даваць паказанні.

Пацярпелы адмаўляе, што бандыты выкралі ў яго прыхаваныя мільёны. Генерал заяўляе, што яго пераблыталі з багатым суседам.

У Пастушкова па пазове пракуратуры раней канфіскавалі маёмасць як незаконнае нажытую. Было ўстаноўлена, што генерал, які займаў пасаду першага намесніка начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва службы забеспячэння дзейнасці ФСБ, дзякуючы карупцыі нажыў злачынныя даходы. Пра гэта стала вядома падчас расследавання крымінальнай справы аб махінацыях у падраздзяленні. У ходзе ператрусу аператыўнікі канфіскавалі ў Пастушкова больш за мільён даляраў. Дом з участкам былі ацэненыя ў 570 тысяч даляраў. Уся гэта маёмасць была вернута ў даход дзяржавы па рашэнні суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0