Фота Вадзіма Заміроўскага

Фота Вадзіма Заміроўскага

Ужо ў ліпені падаражэюць квіткі на некаторыя цягнікі. Рост коштаў закране цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа, міжрэгіянальных і міжнародных ліній. Падаражэе таксама пераафармленне білетаў у дзень адпраўлення. Змены прадугледжаныя пастановай МАРГ № 50 ад 17 чэрвеня 2019 года, піша Tut.by.

Павышаюцца тарыфы на паслугі чыгуначных вакзалаў. Гэта ў тым ліку афармленне і пераафармленне квіткоў на цягнікі.

Зараз Белчыгунка бярэ збор за працу білетнага касіра. Напрыклад, тарыф за афармленне праязных дакументаў на праезд у цягніках рэгіянальных ліній бізнэс-класа і міжрэгіянальных ліній цяпер складае 11 капеек. Пастановай МАРГ яго павысілі да 15 капеек.

Г.зн. квіток на гэтыя цягнікі падаражэе на 4 капейкі.

Так, білет на цягнік міжрэгіянальных ліній бізнэс-класа №708 Мінск — Гомель пры афармленні ў касе цяпер абыходзіцца ў 13,97 рубля (13,86 рубля кошт праезду + 0,11 рубля збор за афармленне квітка), а будзе каштаваць 14,01 рубля.

Таксама вырасце тарыф на афармленне білетаў на міжнародныя цягнікі: «туды» — да 0,5 рубля (цяпер - 0,4 рубля), «назад» - да 0,9 рубля (цяпер — 0,75 рубля).

Падаражаюць таксама паслугі пераафармлення квіткоў у дзень адпраўлення цягніка: на рэгіянальныя лініі бізнэс-класа — да 0,15 рубля (цяпер — 0,11 рубля), міжнародныя — да 0,5 рубля (цяпер — 0,4 рубля).

Браніраванне месца цяпер каштуе 20 капеек, а будзе — 25 капеек.

Таксама даражэй стане аформіць вяртанне плацяжоў за нявыкарыстаны білет або перавозачныя дакументы на багаж. Да прыкладу, паслуга па вяртанні білета на цягнікі рэгіянальных ліній бізнэс-класа, міжрэгіянальных і міжнародных ліній (СНД і краіны Балтыі) падаражэе да 0,15 рубля (цяпер — 0,11 рубля). Да такой жа сумы падаражэе і паслуга па вяртанні абаненцкага квітка на праезд у цягніках гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканом-класа.

А вось павышаць, як і адмяняць, тарыф за афармленне квіткоў на цягнікі праз інтэрнэт улады не сталі. Нагадаем, раней прапаноўвалася адмяніць гэты збор. У МАРГ тлумачылі, што змены прапануюць увесці «для стымулявання электронных продажаў і скарачэння выдаткаў, звязаных з працай білетных касіраў».

Да прыкладу, калі тарыф за афармленне праязных дакументаў на праезд у цягніках рэгіянальных ліній бізнэс-класа і міжрэгіянальных ліній цяпер складае 0,11 рубля, то за заказ і афармленне праязнога дакумента праз інтэрнэт на праезд у гэтых жа цягніках — 0,24 рубля. Прапаноўвалася наогул адмяніць гэты збор.

Нагадаем, да 2020 года беларусы павінны кампенсаваць як мінімум 60% выдаткаў на пасажырскія чыгуначныя перавозкі. Гэта прапісана ў антыінфляцыйнай праграме.

У 2018 годзе беларусы кампенсавалі 43% выдаткаў на праезд у пасажырскіх цягніках. Гэта дадзеныя ў цэлым па ўнутрырэспубліканскіх і міжнародных перавозках, паведамілі ў МАРГ.

Пры гэтым усяго па ўнутрырэспубліканскіх перавозках насельніцтва пакрывае 18%. У тым ліку за праезд у цягніках гарадскіх ліній — 21%, а ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа — 16%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0