У Мінску з'явілася новая скульптура, прысвечаная рабочым, паведамляе Tut.by.
Каля ўвахода ў будынак «Гаррамаўтадара» на Клары Цэткін, 49, усталявалі скульптуру. На ёй можна пабачыць дарожны каток, мыйныя машыны і фігуры рабочых. Усё гэта на фоне Мінска — дома «Ля Траецкага», Нацыянальнай бібліятэкі, Чырвонага касцёла.
На прадпрыемстве растлумачылі, што даўно хацелі стварыць на каменным мануменце, які там быў раней.
— Камісія па добраўпарадкаванні і мастацкім афармленні прапанавала рэалізаваць такую ідэю з рэльефнай кампазіцыяй, якая будзе раскрываць нашу прафесійную дзейнасць. Гэта маглі быць фігуры рабочых, машыны і механізмы, якія выкарыстоўваюцца ў нашай вельмі нялёгкай працы. Так з'явіўся эскіз.
Як фон выкарысталі аб'екты, якія «Гаррамаўтадар» абслугоўвае. Гэта, як правіла, галоўныя праспекты і вуліцы сталіцы.
Скульптуру зрабілі, каб падкрэсліць значнасць рабочай прафесіі і павысіць яе прэстыж.
Гэтая праца — частка добраўпарадкавання тэрыторыі да 60-годдзя прадпрыемства, якое будзе ў 2021 годзе.
Аўтара не называюць, кажуць, што ідэя належыць «Гаррэмаўтадору», а арганізацыю, якая рабіла скульптуру, рэкламаваць не жадалі б.