Пінская міжраённая пракуратура завяла справу на тэрапеўта мясцовай бальніцы. Мужчыну пагражае да 3 гадоў калоніі за тое, што ў яго змену памёр п’яны пацыент.

Здарылася ўсё яшчэ ў лютым. На вуліцы знайшлі п’янага мужчыну. Хуткая прывезла яго ў Пінскую цэнтральную бальніцу.

Там мужчыну агледзелі. Супрацоўнікі бальніцы кажуць, што стан 42-гадовага пацыента не быў цяжкім, але мужчына быў вельмі п’яным. Мужчыну паклалі ў палату.

Пасля, узгадваюць у бальніцы, тэрапеўт быў заняты іншымі пацыентамі, быў вялікі наплыў. За гэты час п’яны мужчына сканаў у палаце. Прычым, кажуць супрацоўнікі пінскай бальніцы, прычына смерці высветлена — гэта атручванне алкаголем.

Увогуле, пра гэтую гісторыю ў бальніцы ўзгадваюць неахвотна. Кепскага пра доктара не кажуць, але паведамілі, што ён падпрацоўваў у бальніцы. А пасля выпадку са смерцю пацыента адміністрацыя пазбавілася ад тэрапеўта, больш ён там не працуе.

І вось праз паўгода пракуратура завяла крымінальную справу на доктара. Яго вінавацяць у неаказанні медыцынскай дапамогі, што па неасцярожнасці прывяло да смерці пацыента. Мужчыну могуць адправіць у калонію на 3 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?