Суд арыштаваў Барыса Германа, які падазраецца ў арганізацыі «забойства» журналіста Аркадзя Бабчанкі.
Магчымасць унясення закладу рашэнне суда не прадугледжвае.
На працягу 5 сутак пастанову можна будзе абскардзіць.
Барыс Герман, які падазраецца ў арганізацыі «забойства» журналіста Аркадзя Бабчанкі, на судзе заявіў, што супрацоўнічае з украінскай контрразведкай.
«Я супрацоўнічаю з унутранай выведкай з нагоды выяўлення на тэрыторыі Украіны ўздзеяння Расійскай Федэрацыі з нагоды змены ўлады Украіны», — сказаў Герман.
Ён таксама сказаў, што «контрразведка канфліктуе з СБУ», і «замест таго, каб абараняць дзяржаву, яны пачынаюць цягнуць коўдру на сябе».
Герман запэўнівае, што яго задачы былі ў вывучэнні «патокаў грашовых сродкаў, якія прыходзяць ва Украіну» з Расіі, тэрарыстычных груп, палітычных партый і дзеячаў, якія фінансуюцца людзьмі з атачэння Уладзіміра Пуціна.
«Нам быў прадстаўлены спіс 30 чалавек, якіх яны хацелі б знішчыць на тэрыторыі Украіны, які адразу ж быў перададзены ў контрразведку», — заявіў так званы арганізатар забойства Бабчанкі.
Герман адзначыў, што эпізод «забойства» Бабчанкі быў часткай яго працы.
«Мы выдатна ведалі, што не будзе ніякага забойства, што гэта ўсё будзе інсцэніравана», — запэўніў Герман.
Паводле яго слоў, усё гэта «рабілася толькі на карысць дзяржавы».
Таксама Герман запэўніў, што ўхіляцца ад следства не будзе.