Рэжым Кім Чэн Іра купляе зброю замест таго, каб карміць сваіх грамадзянаў. Гэта магчыма, таму што Паўночная Карэя атрымлівае харчовую дапамогу з усяго свету, сьцвярджаюць парламентарыі з Паўднёвай Карэі.

Паўночная Карэя мае адно з самых вялікіх войскаў на свеце і цягам апошніх пяці год патраціла на зброю 65 мільярдаў даляраў, нягледзячы на тое, што насельніцтва краіны галадае. Зброю рэжыму Кім Чэн Іра прадае ня толькі Кітай, але і Расія, Германія, Славакія. Гэтыя дадзеныя агучыў адзін з паўднёвакарэйскіх дэпутатаў, спасылаючыся на дадзеныя разведкі.

На сёньняшні дзень войска Паўночнай Карэі (23 мільёны жыхароў) налічвае болей за 1,7 мільёна салдат. Утрыманьне такога вялікага войска выцягвае 25 % усяго нацыянальнага бюджэту. Рэжым можа сабе гэта дазволіць, бо ён атрымлівае харчовую дапамогу ад шматлікіх краінаў і арганізацый, у тым ліку ад Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і Паўднёвай Карэі.

Абраны ў гэтым годзе кансэрватыўны прэзідэнт Паўднёвай Карэі Лі Мён Бак абвесьціў, што ён спыніць дапамогу рэжыму Кім Чэн Іра і высьветліць, што куплялася на грошы, якія ішлі на Поўнач.

Тым часам Сусьветная харчовая праграма ААН, якае займаецца дапамогай рэгіёнам, у якіх пануе голад, прагназуе, што гэты год можа быць адным з найгоршых для насельніцтва Паўночнай Карэі і што болей за 6 мільёнаў людзей могуць не мець сталага харчаваньня.

Але рэжым Кім Чэн Іра гэта ня вельмі непакоіць. Ён абвесьціў пра аднаўленьне атамнай праграмы, пагражаючы, што ў выпадку, калі Паўночная Карэя не атрымае ежы, нафты і грошай, Захад можа нават ня марыць аб атамным раззбраеньні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?