Зараз незалежныя выданьні і дэклярацыі палітыкаў поўныя горкімі канстатацыямі наконт таго, як Лукашэнка на выбарах абдурыў наіўны Захад.

Становішча заходніх палітыкаў і дзяржаваў сапраўды дурнаватае, тлумачэньне нямецкага пасла, паводле якога вышэйшая беларуская ўлада на выбарах «хацела, як лепш», а кепскія выканаўцы зрабілі «як заўсёды», выклікае шмат пачуцьцяў і ўсе яны ня надта лісьлівыя для спадара Вайса. Супастаўленьне ранейшых заяваў, што далейшыя стасункі з Менскам будуць вызначацца па выніках выбараў, і цяперашнія заявы пра магчымасьць скасаваньня санкцый нагадваюць анэкдот пра зайца, які пагражаў, што калі яму ня вернуць скрадзеную валізку, то будзе як мінулы раз. А як было ў мінулы раз? Ды скралі і не аддалі.

Горыч ад гэтых карцінак узмацняецца яшчэ і тым, што шэраг палітычных сілаў удзельнічалі ці працягвалі ўдзельнічаць у выбарах у значнай ступені пад уплывам заходніх парадаў. У тых, хто ўдзельнічаў у выбарах да апошняга паводле ўласных разьлікаў, таксама ня сьвята, але тым, хто рабіў гэта, паслухаўшыся Захад, яшчэ горай. А тым, хто заклікаў да байкоту, удвая крыўдна – па‑першае, таму, што кампанія, як такая, не атрымалася. Не, яе арганізатары заяўляюць, што як раз атрымалася, але справа ў тым, што Захад гэтую думку не падзяляе і наагул зыходзіць з гэтых чыньнікаў у сваіх рашэньнях не зьбіраецца, і гэта па‑другое, і па‑галоўнае.

Словам, Захад па‑дурному пралічыўся? Ну сёе‑тое ў апраўданьне Захаду сказаць можна. Калі цяперашнія пляны нармалізацыі адносінаў з афіцыйным Менскам сапраўды тлумачацца шчырай упэўненасьцю, што выбары 28 верасьня былі крокам да дэмакратыі, разумовыя здольнасьці заходніх палітыкаў заслугоўваюць спачуваньня. Але ня выключана, што гэта проста праблема мовы. Ну не прынята, непаліткарэктна зараз на Захадзе гаварыць на мове нацыянальных інтарэсаў і геапалітыкі. Але ад гэтага названыя матывы нікуды не зьнікаюць.

Імкненьне да нармалізацыі можа быць выклікана матывамі, даволі далёкімі ад таго, ў якой ступені сёлетнія беларускія выбары былі трыюмфам дэмакратыі.

Якімі? Ну напрыклад шчырым адказам на пытаньне – пры захаваньні цяперашніх адносінаў Захаду з Беларусьсю ці будзе ўзмацняцца ў Беларусі ўплыў Расеі? Неяк і лёгіка, і бягучы палітычны і эканамічны досьвед падказваюць станоўчы адказ. І каму ад гэтага добра?

«Але ж і Лукашэнка, відаць, усьведамляе, што для яго гэтае ўзмацненьне залежнасьці ў пэрспэктыве – труна» – заўважыць чытач – «гэта Лукашэнка павінен саступаць Захаду, шукаць у яго падтрымкі, а ня Захад кідацца яму на дапамогу, забываючы пра свае прынцыпы».

Ну, калі б Лукашэнка гэтай небясьпекі не разумеў, дык ніякіх заляцаньняў да Захаду (якія пачаліся даволі даўно, а сталі відавочнымі пасьля леташняй студзеньскай нафтавай «вайны») не было б у прынцыпе. Але справа ў тым, што залежнасьць ад Расеі нарастае павольна. І калі Лукашэнка ўсьвядоміць, што для ўратаваньня ад наступстваў гэтай залежнасьці трэба ісьці на любыя саступкі Захаду, можа быць ужо проста позна. І ня толькі для яго, што ня ёсьць вялікай бядой, але і для Беларусі таксама. Позна яшчэ і таму, што невядома, якімі сродкамі і ў якой форме захоча скарыстаць гэтую залежнасьць пасьляваенная Расея. І пра даваенную‑та ня надта было вядома, а зараз тым болей.

Але ёсьць яшчэ адзін аргумэнт, чаму Захад ідзе адступае ад жалезабэтонных прынцыпаў, зь якімі так зраднілася айчынная апазыцыя. Гэта аргумэнт тычыцца ўжо выключна ўнутранай сытуацыі , дакладней, шляхоў узьдзеяньня на яе звонку.

Нармалізацыя насамрэч можа быць і зброяй, сродкам падрыву маналітнасьці беларускай уладнай сыстэмы.
Якім чынам? Праз стварэньне прыватных эўрапейскіх інтарэсаў беларускай уладнай эліты. Варта прыгадаць, што асабовыя санкцыі, ўведзеныя ЗША і Эўразьвязам адносна шматлікіх беларускіх чыноўнікаў, тычыліся ня толькі забароны на ў’езд, але і замарожваньня іх фінансавых актываў, якія ўтрымліваюцца ў заходніх фінансавых інстытутах. Ну і шмат за гэты, даволі працяглы час, «намарозілі»? Ды так выглядае, што ня надта. Падазраю, што наагул нічога. І , магчыма, не таму, што так лоўка схавана, а таму, што няма. Але ці добра гэта?

Сувязі паміж Беларусьсю і Эўропай існуюць і зараз, але тычацца яны ў асноўным макраўзроўню. Продаж нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і тэкстылю, транзыт газу наўпрост закранаюць прыватныя інтарэсы даволі невялічкага кола ўплывовых у Беларусі людзей. Ну а ўявім сабе, што дзякуючы нармалізацыі кола такіх людзей істотна пашырыцца, калі зьявіцца дастаткова вялікае кола беларусаў, і ў першую чаргу людзей улады, для якіх магчымае пагаршэньне адносінаў з Захадам будзе азначаць зусім канкрэтныя асабістыя матэрыяльныя страты.

Людзі на плошчы са сьцягамі Эўразьвязу, натхнёныя эўрапейскімі каштоўнасьцямі – гэта выдатна. Але

людзі ў кабінэтах ўлады, натхнёныя лёсам сваіх грошай у эўрапейскіх банках – магчыма, больш надзейны шлях у Эўропу.

А якія такія грошы будуць ляжаць у гэтых банках? Ну вядома якія, як у анэкдоце – «ну адкуль у народа можа быць столькі грошай?» Вядома, што народныя, дакладней, якія маглі б быць народнымі, але аселі ў кішэнях народных «слуг». Але тут пытаньне ня ў тым, ці дастануцца яны народу, як казаў незабыўны Міхал Сяргеевіч, «працэс пайшоў» , а ў тым, у якіх банках асядуць. Калі ў расейскіх ці арабскіх – гэта кепска. Калі ў заходніх ‑‑ добра.

Але якія ёсьць іншыя варыянты? Шматгадовы ціск, санкцыі – і тысяча чалавек на плошчы. Ну добра, 20 тысяч, як тое было ў сакавіку 2006 году

Зразумела, і такі сцэнар не пазбаўлены рызыкі. Зразумела, што сутнасьць яго – ўзмацненьне залежнасьці беларускай ўладнай эліты ад Эўропы на асабовым узроўні. Але ж пры гэтым будзе ўзнікаць і залежнасьць асобных заходніх людзей ад беларускага рэжыму, і прычым таксама на асабовым узроўні. І гэтыя лабісты зусім не абавязкова будуць клапаціцца пра лёс беларускай дэмакратыі.

Не, калі б на вуліцах беларускіх гарадоў хваляваліся натоўпы з сотняў тысяч чалавек, калі б масава страйкавалі заводы,

калі б намэнклятура толькі і думала пра тое, як перабегчы на бок заўтрашніх пераможцаў – нікому з заходніх прадстаўнікоў і ў галаву не прыйшло б ратаваць беларускага ўладара і шукаць пад дыпляматычным мікраскопам прыкметы «дэмакратычных рухаў да лепшага».

Але ж няма таго і блізка. Таму і спатрэбілася зьмена палітыкі. І мікраскоп – для сваіх, для сваёй грамадзкай думкі. Насамрэч калі беларускія ўлады надта радуюцца, як яны «кінулі» наіўных заходнікаў, то дарма. Зьмена палітыкі Захаду тлумачыцца разьлікам, такім жа халодным, як і разьлік тых, хто прымае рашэньні ў Беларусі. А хто мае рацыю, хто лепш пралічыў? А гэта пары, пажывем – пабачым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?