Тыдзень таму адгрымеў, бадай, самы маштабны і вядомы фестываль ва Украіне.

Сёлетні «Захід» — ужо дзявяты па ліку — палюбіўся наведнікам не слабей за фестывалі мінулых гадоў. Дагэтуль у сацсетках пад хэштэгам #zaxidfest2017 з’яўляюцца захопленыя водгукі задаволеных слухачоў, якія, відаць, дагэтуль не могуць адысці ад падзей тыднёвай даўніны.

Для беларусаў гэты фестываль стаў родным за кошт удзелу такіх выканаўцаў як Volski і Рэспубліка Паліна. Лявон Вольскі з гуртом змог разварушыць цэлы натоўп слухачоў ля галоўнай сцэны.

«Як ні дзіўна, на Вольскага атрымалася трапіць першы раз менавіта на «Західфэсце». Фантастычная атмасфера, я нават не чакаў, што так крута будзе! І ўвогуле, ад «Західу» толькі станоўчыя ўражанні, калі атрымаецца, у наступным годзе таксама паеду!» — дзеліцца ўражаннямі адзін з беларускіх наведнікаў фестывалю Уладзімір Гурскі.

І нават раптоўнае адключэнне гуку на паўгадзіны на пачатку выступу Вольскага, здаецца, толькі надало больш атмасферы і энергіі публіцы, якая штосілы даспявала «Ламай сцэнар!» за саліста.

 

Спявачка Рэспубліка Паліна ў сваім новым амплуа — сольна і з сінтэзатарам — сабрала некалькі соцень адданых фанатаў каля індзі-сцэны. Беларуску Паліну вельмі любяць украінцы. Слухачы актыўна падпявалі «Ой, як хочацца лета…» ды «Називала рибою, не просила нічого взамін», здымалі на тэлефоны кожную кампазіцыю ды двойчы выклікалі спявачку на біс.

 

Вядома, любое мерапрыемства лепей адзін (а яшчэ лепей не адзін) раз убачыць, чым сто разоў прачытаць рэпартаж. Таму раім вам налета сабрацца з сіламі, спальнікамі ды намётамі і ўсё ж наведаць «Захід»: атмасфера тут напраўду ўнікальная. «Наша Ніва» наведала сёлетні фэст і эмпірычным шляхам прыйшла да высноваў, што трэба мець на ўвазе, калі вы ўсё ж зберацеся на «Zaxidfest-2018». Першая парада:

Будзьце гатовымі да ўсяго

Гэта тычыцца як раптоўных зменаў надвор’я, так і праграмы фэсту. Цягам трох фестывальных дзён вас можа нават у 30-градусную спёку напаткаць працяглая залева, або які іншы кліматычны сюрпрыз. На гэты выпадак раім запасціся шырокім спектрам адзення ды неабходных для жыцця ў лясных умовах прыстасаванняў. Вам яўна спатрэбяцца банальныя спальнік, намёт ды турыстычны дыванок. Таксама рэкамендуем займець дажджавы плашч, каб мець магчымасць на выпадак непрыемнага дажджу тусавацца на танцпляцы без перашкоды ў выглядзе парасона. Карысная рэч — сродкі ад маскітаў ды кляшчоў. Варта таксама мець запасную пару абутку ды купальны касцюм, які дапаможа крыху асвяжыцца ў блізкім да фестывальнай пляцоўкі вадаёме ў спякотны дзень.

Памятайце, што форс-мажор можа адбыцца не толькі ў прыродных умовах, але і ў праграме фестывалю. Здараецца ўсялякае, і часам арганізатары вымушаныя апавяшчаць пра змены ў праграме. Напрыклад, пра адмену выступаў некаторых выканаўцаў. Сёлета такая сітуацыя адбылася з хэдлайнерам першага дня — гуртом Breaking Benjamin. Праз хваробу выступоўцам давялося адмяніць гастролі, а сотні фанатаў неверагодна засмуціліся праз гэтую навіну. На танцпляцах у першы дзень раз-пораз гучалі выказванні кшталту: «Гамон, Breaking Benjamin не будзе! А я дзеля іх прыехаў (-ла)». З таго выснова: каб не здаралася падобных расчараванняў, настройвайце сябе ад пачатку на цікавасць да ўсіх выступоўцаў і, як спяваў адзін з прыгаданых вышэй музыкаў, «будзьце гатовы да любых паваротаў».

Азнаёмцеся з умовамі да паездкі

Ва ўмовах знаходжання на фэсце ёсць некаторыя нюансы. Напрыклад, вы можаце прыехаць і паставіць свой намёт проста ў лесе, або выкупіць абанемент у намётавае мястэчка. Такі абанемент дасць вам права жыць на ахоўваемым агароджаным участку лесу, карыстацца разеткамі і душам, браць пітную ваду і дровы для распальвання вогнішча. Перад фестывалем такі абанемент на ўвесь час «Західу» каштаваў трыста грывень. Аднак калі паклапоціцеся пра набыццё загадзя, атрымаецца танней. Прыемны бонус ад арганізатараў на наступны год: на юбілейным «Західфэсце-2018» уваход у першы дзень будзе вольны!

Гартуйцеся загадзя

Нават калі вы бераце сабе абанемент у намётавае мястэчка, не чакайце, што вам тут жа прадставяць сэрвіс у рэжыме «all inclusive»: усё ж навокал лес і прырода, атмасфера мае быць адпаведнай. Таму вада ў західаўскім душы — гэта тое, што цячэ з падагрэтых летнім сонцам (калі яно ёсць) трубаў. Калі вы не захапляецеся купаннем у палонках, то мыцца будзе халаднавата. Затое атрымаеце порцыю бадзёрасці ды свежасці ў спякотны жнівеньскі дзень.

Абстрагуйцеся ад штодзённасці

Калі вы ўжо прыехалі на «Захід», варта аддацца яго атмасферы да канца. Забудзьцеся на будзённыя справы ды атрымлівайце асалоду ад мерапрыемства. Тут сапраўды ёсць чым заняцца, нават у першай палове дня, да пачатку музычнай праграмы: цікавыя лекцыі грамадскіх актывістаў, атракцыёны з палётамі над возерам ды многае іншае. Спакусаў адцягвацца на паўсядзённасць не так і шмат: вольнага вай-фаю ў лесе вы не знойдзеце. Калі жыццё ўсё ж вымушае заставацца гэтыя дні на сувязі ці выходзіць у інтэрнэт па працы, набудзьце загадзя ўкраінскую сім-карту.

 

Выспіцеся і настройвайцеся на актыўны ўдзел

«Західфэст» — гэта, канешне, весела і непаўторна. Але наўрад ці можна сказаць, што гэта фізічна просты адпачынак. Адтанчыць штодзень па дзесяць гадзін музычнай праграмы, паўдзельнічаць у ранішняй і дзённай культурнай праграме ды ўмудрыцца адаспацца як след у намёце — не кожны здольны на такі адпачынак. Таму раім гартаваць фізічную форму, каб адчуць усе фішкі і прыўкрасы «Західу» ў поўнай меры.

«Без тебе тут нічого не відбудеться», — запэўніваюць арганізатары і чакаюць вас на «Західзе» ў 2018-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?