Раніцай 9 чэрвеня на прахадной ААТ «Камінтэрн» прыбіральшчыца падпаліла сама сябе. Жанчыну з апёкамі 50% цела шпіталізавалі.
Па словах дырэктара прадпрыемства, праблем на працы не было аніякіх, затое ў пацярпелай нібыта меліся праблемы з псіхікай.
Вядома, што ў апошнія месяцы жанчына займалася афармленнем пенсіі і ў яе паўсталі цяжкасці з аднаўленнем стажу ў Расіі. Да пераезду ў Беларусь яна жыла і працавала ў Карэліі.
«Асноўны паток людзей прайшоў на працу. Потым зайшла наша супрацоўніца і са словамі «У мяне скралі 18 гадоў стажу» паднесла да сябе запальнічку. Успыхнула полымя імгненна. Каністры ў яе ў руках не было, толькі запальнічка», — распавяла sputnik.by сведка — кантралёр пункта аховы Алена Пятух.
То бок, пэўныя праблемы з афармленнем пенсіі ўзніклі. Прычым жанчына знаходзілася на бальнічным. Атрымліваецца, у гэты дзень яна адмыслова прыйшла на прадпрыемства.
Пакуль што іншыя дэталі невядомыя, працуюць следчыя.