Улады Парыжа запусцілі ў горадзе два беспілотныя міні-аўтобусы з электрычнымі рухавікамі. Пакуль гэты праект лічыцца эксперыментальным, але ў выпадку яго поспеху гарадскія ўлады гатовыя і далей развіваць такі транспарт.

AFP

AFP

Абодва аўтобусы ходзяць па кароткім маршруце паміж Ліёнскім вакзалам і вакзалам Аўстэрліц у 13-й акрузе Парыжа. Рухаюцца яны выключна па выдзеленай лініі, па якой не ходзіць іншы транспарт.

Кожны з аўтобусаў нагадвае невялікі куфар на колах і змяшчае да 12 чалавек. Ён абсталяваны лазерным далямерам і шматлікімі камерамі, усталяванымі па ўсім перыметры, каб прадухіліць сутыкненні з людзьмі і машынамі.

У аўтобусаў няма не толькі кіроўцы, але і ярка выяўленай пярэдняй або задняй часткі. Прыбыўшы да месца прызначэння, ён можа, не разварочваючыся, адразу ж рушыць назад, падобна вагону фунікулёра.

Намеснік мэра Парыжа Жан-Луі Місіка заявіў журналістам, што беспілотныя транспартныя сродкі хутка зробяць рэвалюцыю ў свеце гарадскога транспарту і цалкам зменяць жыццё людзей у вялікіх гарадах.

У перспектыве гарадскія ўлады спадзяюцца замяніць падобнымі аўтобусамі прыгарадныя цягнікі, якія злучаюць невялікія гарады пад Парыжам з мегаполісам. Вынікі эксперыменту падвядуць праз тры месяцы.

У апошнія гады адразу некалькі буйных аўтавытворцаў займаюцца стварэннем машын, здольных ездзіць без дапамогі кіроўцы. На вуліцах некаторых гарадоў ужо можна сустрэць аўтамабілі на аўтапілоце.

Сярод канцэрнаў, хто спадзяецца стварыць паўнавартасны беспілотны аўтамабіль ужо да 2020 года, згадваюцца нямецкія BMW і Volkswagen, амерыканскія General Motors і Tesla, а таксама карэйская кампанія KIA.

Таксама распрацоўкай беспілотных машын займаюцца буйныя IT-кампаніі, напрыклад Apple і Google, а таксама некаторыя сэрвісы таксі, у тым ліку Uber.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?