Валанцёры Беларускага таварыства абароны спажыўцоў (БТАС) параўналі якасць паветра ў зонах для курцоў і некурцоў ва ўстановах грамадскага харчавання, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ў арганізацыі.

— Маніторынг паветра праводзіўся з лютага па чэрвень 2016 года, — распавяла старшыня БТАСГанна Суша. — У ходзе даследавання наведалі 22 установы ў Мінску і па адной у Магілёве і Берасці: 5 з іх былі цалкам свабоднымі ад тытунёвага дыму, у 9 меліся асобныя зоны длякурцоў і некурцоў, у 10 курэнне дазвалялася на ўсёй тэрыторыі. Там, дзе былі паасобныя зоны для курцоў і некурцоў, вымярэнні праводзіліся ў абедзвюх зонах.

Як патлумачыла суразмоўніца, у дыме ад цыгарэты ўтрымліваецца мноства дробнадысперсных часціц. Для вымярэння колькасці часціц ужывалі спецыяльны прыбор SIDEPAK Aerosol Monitor.

— Ва установах, дзе курэнне дазволенае на ўсёй тэрыторыі, назіраўся самы высокі ўзровень забруджвання небяспечнымі часціцамі (у сярэднім 246 мкг/м3), гэта амаль у 25 разоў больш, чым прадугледжваюць стандарты якасці паветра, устаноўленыя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, — адзначыла Суша. — Ва ўстановах, дзе прадугледжаныя дзве зоны, у частцы, прызначанай для курцоў, узровень забруджвання таксама быў высокім (у сярэднім 234 мкг/м3) — больш чым у 23 разы вышэйшы, чым прадугледжваюць стандарты якасці паветра. У зонах некурцоў у гэтых установах ўзровень забруджвання дробнадысперснымі часціцамі склаў 115 мкг/м3 — у 11,5 разы вышэй, чым прадугледжваюць стандарты якасці паветра, устаноўленыя СААЗ. У некаторых установах узровень забруджвання быў больш за 300 мкг/м3, што лічыцца небяспечным для здароўя.

Па словах суразмоўніцы, як правіла, эфектыўнасць працы вентыляцыйных сістэм аб'ектаў грамадскага харчавання пакідае жадаць лепшага. Самая бяспечная для здароўя атмасфера там, дзе курэнне цалкам забароненае. У такіх установах назіраўся самы нізкі ўзровень забруджвання — больш чым у 20 разоў ніжэй, чым у месцах, дзе курэнне дазволена на ўсёй тэрыторыі (у сярэднім 12 мкг/м3 супраць 246 мкг/м3).

Якасць паветра, паводле дадзеных агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША, прынята лічыць добрай, калі індэкс якасці паветра складае 0-50, утрыманне дробнадысперсных часціц каля 15 мкг/м3. Сярэднім — 51-100 (16-40 мкг/м3).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?