Аляксандр Лукашэнка разлічвае на адкрыццё новай старонкі ў адносінах паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з членам брытанскай каралеўскай сям'і прынцам Майклам Кенцкім.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў сферы міждзяржаўных адносін Беларусі і Вялікабрытаніі непераадольных пытанняў няма. «Калі ўжо быць абсалютна шчырым, Вялікабрытанія, напэўна, не вельмі цікавілася сітуацыяй у Беларусі і, хутчэй за ўсё, дзейнічала ў фарватары дзеянняў Бруселя, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ваш прыезд, спадзяюся, адкрые новую старонку нашых адносін, і вельмі многія палітыкі і бізнесмены, якія зацікавяцца Беларуссю, атрымаюць гэту характарыстыку з вашых вуснаў».

«Мы вельмі спадзяёмся, што нашы адносіны з Вялікабрытаніяй будуць развівацца. У нас вялікі інтарэс у гандлі», - заявіў ён.

Ён адзначыў, што Вялікабрытанія ўваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі ў пытаннях гандлю і інвестыцый. «Гэта добрая аснова для нашага далейшага супрацоўніцтва. Я хачу, каб вы ведалі, што мы сумленна і шчыра чакаем ваш бізнес у Беларусі. Па любых пытаннях, якія вас цікавяць», - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік краіны дадаў, што ў Беларусі няма ніякіх абмежаванняў і абавязацельстваў, якія перашкаджаюць развіццю гандлю і супрацоўніцтва ў розных сферах з Вялікабрытаніяй.

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў за велізарную дапамогу і дабрачыннасць, якую Вялікабрытанія аказвае ў адносінах да дзяцей з тэрыторый, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Вы падставілі сваё плячо і дапамаглі нам аздаравіць тысячы дзяцей. За гэта вам вялікая ўдзячнасць», - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу прынц Майкл Кенцкі падзякаваў за цёплы прыём, адзначыўшы, што для яго вялікае задавальненне знаходзіцца ў Беларусі. Ён падкрэсліў, што з'яўляецца першым прадстаўніком брытанскай каралеўскай сям'і, які наведвае Беларусь.

Паводле яго слоў, гэты візіт асабліва звязаны са сферай бяспекі на дарогах. Прынц таксама згадзіўся з неабходнасцю развіваць і паляпшаць беларуска-брытанскія гандлёвыя адносіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?