Расія і Беларусь не дамовіліся аб цане на газ. Пра гэта РІА «Новости» перадае 14 верасня, са спасылкай на дарадцу-пасланніка беларускага пасольства ў РФ Юрыя Ярашэвіча.
Reuters.com
«Перамовы, у якіх удзельнічалі віцэ-прэм'еры Уладзімір Сямашка і Аркадзь Дварковіч, завяршыліся безвынікова. Не змаглі дамовіцца», — патлумачыў суразмоўца інфармагенцтвы.
12 верасня Аляксандр Лукашэнка даручыў Сямашку на працягу двух дзён дамовіцца з расійскім бокам аб падпісанні пратаколу датычна цаны энерганосьбітаў для рэспублікі.
Рознагалоссі аб цане расійскага газу паміж Мінскам і Масквой з'явіліся ў пачатку 2016 года. Тады беларускі прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў заявіў, што тысяча кубаметраў энерганосьбіта павінна каштаваць 80 даляраў, а не 132 даляры (дзеючая цана для Беларусі). Доўг Беларусі за пастаўленае Расіяй паліва за першае паўгоддзе перавышае 270 мільёнаў даляраў.
Блакітнае паліва на тэрыторыю Беларусі пастаўляе стоадсоткавая «дачка» «Газпрома» — кампанія «Газпром трансгаз Беларусь».