Задача захавання фінансавай стабільнасці выходзіць на першы план, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр на прэс-канферэнцыі 6 мая ў Мінску.

Сітуацыя ў рэальным сектары эканомікі няпростая, што адлюстроўваецца на стане банкаўскай сістэмы, сказаў ён.

Прыблізна 30% прадпрыемстваў, згодна са звесткамі апошняй справаздачнасці, маюць страты. «Сітуацыя ў рэальным сектары прыводзіць да росту праблемных актываў. Доля такіх актываў у першым квартале павялічылася з 6,8 да 11,5% на 1 красавіка. Гэтая тэндэнцыя аказвае павышаны націск на банкі», — сказаў Калаўр.

Кіраўнік Нацбанка паведаміў, што ў красавіку падчас візіту місіі МВФ і Сусветнага банка вывучалася сітуацыя ў фінансавым сектары. «Праведзенае намі абследаванне сумесна з замежнымі экспертамі паказвае на магчымы рост праблемных даўгоў, аднак гэтая сітуацыя кіраваная», — лічыць Калаур. Пры гэтым ён адзначыў, што зараз міжнародныя аўдытарскія кампаніі праводзяць незалежную ацэнку якасці актываў беларускіх банкаў. «Вядзецца праца, такім чынам, па выяўленні схаваных рызык у банкаўскай сістэме», — сказаў кіраўнік Нацбанка. Вынікі незалежнай ацэнкі могуць з'явіцца ў ліпені.

У якасці адной з мер, скіраваных на забеспячэнне стабілізацыі банкаўскага сектара, Калаур назваў працу па стварэнні спецыялізаванага агенцтва. «Нацбанк і ўрад ўнеслі прапанову па ачыстцы асобных банкаў ад «таксічных» актываў. У краіне павінна быць створанае спецыялізаванае агенцтва, якому такія актывы могуць быць перададзеныя», — лічыць Калаўр.

Паралельна з гэтым, дадаў ён, у мэтах забеспячэння фінансавай стабільнасці ўласнікі банкаў прапрацоўваюць пытанне аб дакапіталізацыі банкаў «там, дзе гэта неабходна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?