Малакавоз з прычэпам знёс дзве асвятляльныя мачты на знешнім кальцы МКАД, паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Ленінскага РУУС Мінска Таццяна Красій.
«Інцыдэнт адбыўся 5 красавіка каля 11.50. Малакавоз з прычэпам ехаў паміж 17-м і 18-м км знешняга кальца МКАД у раёне лагістычнага цэнтра «Крышталь». Падчас руху адбылося механічнае пашкоджанне пярэдняга правага кола прычэпа, і грузавы аўтамабіль занесла. Прычэп знёс адну асвятляльную мачту, а сам малакавоз сутыкнуўся з іншай. Пасля гэтага ён зачапіў вялікагрузную машыну, якая рухалася ў спадарожным напрамку», — сказала Таццяна Красій.
У выніку ДТЗ у прычэпа малакавоза вырвала правае задняе кола, а другі грузавік атрымаў мінімальныя тэхнічныя пашкоджанні. Кіроўцы транспартных сродкаў, іншыя людзі і аўтамабілі не пацярпелі. Малако не выцекла, ёмістасць для яго транспарціроўкі не пашкоджаная.
Супрацоўнікі ДАІ праводзяць разбіральніцтва і высвятляюць прычыны таго, што адбылося. Кіроўца малакавоза ў момант ДТЗ быў цвярозы, не адзначалася праблем з самаадчуваннем.
У цяперашні час рух на МКАД адноўлены, заторавай сітуацыі няма. Работнікі «Мінгарсвятла» заняліся аднаўленнем асвятляльных мачтаў.