Толькі ў галоўным холе чыгуначнага вакзала Мінска можна налічыць ажно 8 эскалатараў. Самыя доўгія і заўважныя з іх вядуць проста ад цэнтральнага ўваходу на трэці паверх. Паабапал эскалатараў звычайныя лесвіцы — па 50 прыступак у кожнай. Узняцца па іх нават 30-гадоваму мужчыну ў росквіце сілаў без цяжкіх чамаданаў і торбаў не так лёгка. Што ўжо гаварыць пра больш сталых і слабых пасажыраў з багажом.

Але некалькі тыдняў людзі абіраюць больш складаны шлях і ўздымаюцца да залы чакання і кавярняў пешкі — эскалатары банальна не працуюць. Ля іх шыльды з просьбамі скарыстацца ліфтам. Зрабіць гэта няпроста — ля ліфтаў утвараюцца невялікія чэргі, даводзіцца чакаць. Тое самае з меншымі эскалатарамі, што вядуць з хола на падземны паверх і да тунеля, праз які можна выйсці на пероны. Днём 30 сакавіка на вакзале працуе толькі адзін з эскалатараў — бакавы. Падняцца па ім можна толькі на трэці паверх.

Начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі» Аляксандр Дрожжа праблему прызнае. Гаворыць, што 1-2 эскалатары на вакзале ўсё ж працуюць:

«Частка эскалатараў працуе. Мы іх прыводзім у адпаведнасць з дзейнымі правіламі. То 1, то 2 працуюць. З першага на трэці паверх можна падняцца. А калі не падыходзіць такі варыянт, то можна скарыстацца ліфтам. Абсалютна ўсе ліфты працуюць», — пераконвае чыноўнік.

Але ў чым прычына нязручнасцяў? Ліфты, нават калі яны працуюць выдатна і ўсе адразу, проста не ў стане справіцца з патокам пасажыраў. Як стала вядома ад крыніцы з ліку супрацоўнікаў «Беларускай чыгункі», прычынай раптоўнага адключэння большасці эскалатараў на мінскім чыгуначным вакзале стала… жаданне сэканоміць на электраэнергіі. Маўляў, у сённяшніх умовах гэты цяжар стаў непад’ёмным для вакзальнага начальства.

Аляксандр Дрожжа называе такую версію «памылкай» і часткова называе сапраўдную. Яна здзіўляе не менш. Аказваецца, з пачаткам Новага года ўсе вакзальныя эскалатары раптам… перасталі адпавядаць тэхнічным нормам:

«На сённяшні дзень эскалатары не адпавядаюць патрабаванням новых правіл. Дзяржпрамнагляд у мінулым годзе прыняў новыя правілы. Яны правялі праверку і забаранілі нам эксплуатацыю эскалатараў. У дадзены момант мы іх прыводзім у адпаведнасць з правіламі», — гаворыць начальнік станцыі «Мінск-Пасажырскі».

Паведаміць, у чым менавіта заключаецца неадпаведнасць вакзальных эскалатараў новым нормам, чыноўнік адмаўляецца, спасылаючыся на складанасць фармулёвак. Невядома таксама, калі эскалатары на галоўным чыгуначным вакзале краіны зноў будуць працаваць. Так што пакуль давядзецца цягацца пешшу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?