У хуткім часе можа быць павышаны кошт праезду ў грамадскім транспарце Мінска, паведаміў на прэс-канферэнцыі 9 снежня дырэктар дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў. 

Паводле яго слоў, ёсць планы па павышэнні тарыфаў, «якія распрацавала Мінэканомікі і якія зацверджаныя». «Па іх будзе павышаны тарыф. Я думаю, што неўзабаве будуць прынятыя нейкія рашэнні па павышэнні. Будзем павышаць, бо цэны выраслі на цепла- і электраэнергію больш чым на 40%, а гэта ўсё — расходы прадпрыемстваў. Вялікія субсідыі ім ніхто не дасць, вызначаныя крыніцы фінансавання, усё астатняе трэба збіраць самім. Калі сёння не падняць цану, то заўтра не будзе чым плаціць зарплату, купляць паліва, шыны. Наперадзе зіма, і расходы ў гэты перыяд на парадак вышэйшыя», — зазначыў Шкуратаў. 

Кошт адной паездкі ў грамадскім транспарце Мінска складае 4.500 рублёў.

Шкуратаў таксама зазначыў, што ўсё больш пасажыраў пераходзяць на аплату праезду з дапамогай бескантактных смарт-картак (БСК) і адмаўляюцца ад аплаты разавых паездак як у метро, так і ў наземным транспарце.

Доля пасажыраў, якія аплачваюць адну паездку, знізілася да 30%.

«Трэба больш аператыўна рэагаваць на гэтыя тэндэнцыі, прапаноўваць насельніцтву скідкі пры куплі БСК на тэрмін або шматразовыя паездкі. У перспектыве трэба прадаваць не на месяц ці два, а на квартал ці год. Чалавек можа інвеставаць у білет на год. У многіх краінах ён на 50% таннейшы», — сказаў дырэктар прадпрыемства. 

На заўвагу журналістаў, што эканамісты транспартных прадпрыемстваў лічаць гэта немагчымым з-за высокага ўзроўню інфляцыі, Шкуратаў заявіў: «Такая праблема сёння ёсць. Два-тры гады таму ў нас былі нармальныя інфляцыйныя працэсы — 9-10%. Але калі ў нас інфляцыя зашкальвае, пытанне ўпіраецца ў эканоміку. Але продаж на працяглы тэрмін можа быць апраўданы». 

Разам з тым ён адзначыў праблему безбілетнага праезду. «Зайцы» ў нас прысутнічаюць і ў Беларусі, і ў Мінску. Іх працэнт істотны, а гэта істотна ўплывае на эканоміку прадпрыемства. Бюджэту даводзіцца кампенсаваць і гэтыя расходы», — сказаў Шкуратаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?