Пасля дзесяцігоддзяў дырэктыўнага атэізму вяртанне да рэлігійнасці ў былых савецкіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, мела шквальны характар. Адбыўся хуткі рост колькасці рэлігій, канфесій, рухаў, але разуменне іх сутнасці новымі паслядоўнікамі заставалася павярхоўным: у той момант была важнай сама магчымасць аднаўлення светапогляднай альтэрнатывы атэізму.

Паступова, па меры насычэння грамадства звесткамі аб рэлігіі, цікавасць да гэтай тэмы згасла. Тым не менш узровень рэлігійнасці, які склаўся ў 1990-х, захаваўся. Больш за тое, увесь гэты час ён працягваў павольна, але няўхільна расці. Размеркаванне насельніцтва па канфесіях у рамках дасягнутага ўзроўню таксама захавала структуру пачатку 2000-х.

Дадзеныя розных даследаванняў 2000—2010-х паказваюць, што доля людзей, якія лічаць сябе рэлігійнымі, у агульнай колькасці насельніцтва Беларусі складае ад 60% да 70%. Гэта людзі, якія шукаюць і знаходзяць у рэлігійнай сферы тое, чаго ім не хапае ў свецкім.

Што менавіта? Што наогул для іх значыць быць ці лічыць сябе рэлігійнымі? Чаму ў сваім рэлігійным выбары яны звяртаюцца менавіта да той, а не іншай рэлігіі, канфесіі, руху? Наколькі паслядоўная іх рэлігійная пазіцыя? Як яна ўплывае на іншыя бакі іх жыцця? на сацыяльнае асяроддзе?

9 снежня ў 18.30 у межах серыі «Галоўнае пытанне» Лятучы ўніверсітэт запрашае на адкрытую лекцыю кандыдата філасофскіх навук Святланы Карасёвай «Рэлігійнасць у Беларусі: ад канцэпцый да дадзеных».

Мы даведаемся пра розныя падыходы да даследавання рэлігійнасці ў Беларусі ў 1990—2000-х, пра ўплыў дадзеных на стаўленне грамадства і яго інстытутаў да рэлігіі і аб маштабным комплексным даследаванні рэлігійнасці, ажыццёўленым у 2012—2015 факультэтам філасофіі і сацыяльных навук БДУ.

Усіх ахвотных просім папярэдне зарэгістравацца. Колькасць месцаў будзе абмежаваны. Лекцыя пройдзе на Падворку АГТ-ЦСІ (вул. Баграціёна 39, 2 паверх).

Дадатковая інфармацыя па тэл.: +375297422040

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0