Жанр: трылер, драма, біяграфія
Рэжысёр: Стывен Спілберг
У ролях: Том Хэнкс, Марк Райлэнс, Эмі Раян, Алан Алда, Осцін Стоўэл, Скот Шэперд
ЗША, 150 хв.
Адзнака: 8

Гісторыя пачынаецца ў 1957 годзе з арышту савецкага шпіёна Рудольфа Абеля, сапраўднае імя якога — Уільям Фішэр. Імем свайго сябра ён назваўся, каб паслаць сігнал у Маскву.

Пасля арышту ён адмовіўся супрацоўнічаць са спецслужбамі, органамі следства і судом ЗША. На працягу ўсяго працэсу ён трымаў маўчанне, размаўляючы толькі са сваім абаронцам, бруклінскім адвакатам Джэймсам Донаванам. Той самааддана бярэцца абараняць савецкага выведніка Абеля-Фішэра, кіруючыся выключна прынцыпамі Канстытуцыі. Праз некалькі гадоў Донаван вядзе перамовы і паміж дзвюма звышдзяржавамі, вынікам якіх становіцца гістарычны абмен выведнікамі на Глінікскім мосце ў Берліне.

Новая стужка Стывена Спілберга заснаваная на рэальных гістарычных падзеях. Ідэя фільма ўзнікла ў Спілберга яшчэ ў 1960-х, але кампанія MGM не адважылася здымаць такі фільм у разгар халоднай вайны. У працы над сцэнаром новага фільма ўзялі ўдзел браты Коэны.

Здымкі пачаліся ў верасні 2014 года і доўжыліся 12 тыдняў. Яны праходзілі ў Нью-Ёрку, Германіі і Польшчы — у тых самых месцах, дзе і адбываліся пакладзеныя ў аснову фільма падзеі. Абмен амерыканскага лётчыка Паўэрса на Абеля здымалі ў Берліне на тым самым мосце (быў празваны «шпіёнскім», бо на ім неаднаразова адбываўся абмен шпіёнамі), дзе ён і адбыўся шмат гадоў таму. А сам Берлін 1961-га здымалі ў польскім Уроцлаве.

«Гэта гісторыя не пра цені і святло, не класічная стэрэатыпная шпіёнская сага. Мы хацелі паказаць шпіёнаў людзьмі, на якіх на вуліцы другі раз не паглядзіш.

Якіх проста не заўважаеш, не кажучы ўжо пра думкі, што яны тут з місіяй, якая падрывае асновы дзяржаўнай бяспекі», — расказаў Стывен Спілберг.

У галоўнай ролі зняўся Том Хэнкс. Яго герой Джэймс Донаван — страхавы адвакат, які бярэцца абараняць меркаванага шпіёна Абеля, што відавочна выходзіць за рамкі яго звычайнай практыкі. У фільме пра гэта не сказана ні слова, аднак насамрэч Донаван калісьці працаваў ва Упраўленні стратэгічных службаў, якое стала папярэднікам Цэнтральнага выведвальнага ўпраўлення ЗША. Донаван быў добра вядомы ў выведвальнай сферы і меў там шырокія сувязі. Яго прамова ў фільме на пасяджэнні Вярхоўнага суда дакладна паўтарала словы, насамрэч сказаныя ў абарону Абеля ў Вярхоўным судзе ЗША шмат гадоў таму.

Стужка мае размераны тэмп і нарастаючую эмацыйнасць. Спадабаецца аматарам узноўленых гістарычных падзей і вытанчанай рэжысуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?