Газаправод Nord Stream 2 («Паўночны паток—2») ставіць пад пагрозу энергетычную бяспеку ўсёй Еўропы, сцвярджае прэзідэнт Літвы.

Па словах Далі Грыбаўскайце, будаваны «Газпромам» газаправод будзе парушаць прынцыпы энергетычнага альянсу ЕС, павялічыць залежнасць ЕС ад расійскага газу і зробіць немагчымым транзіт газу праз Украіну.

«Гэта ставіць пад пагрозу энергетычную бяспеку не толькі Украіны, але і ўсёй Еўропы», — прыводзіць прэзідэнцкая прэс-служба словы Грыбаўскайце, якая ў аўторак сустрэлася ў Шаўлі з прэзідэнтам Венгрыі Янашам Адарам.

Як гаворыцца ў паведамленні, супраць намераў пракласці Nord Stream 2 выказваецца і Венгрыя. «Газпром» з пяццю еўрапейскімі кампаніямі ў верасні падпісаў пагадненне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства New European Pipeline, якое зоймецца рэалізацыяй праекта развіцця газаправода Nord Stream коштам 10 млрд еўра.

У Клайпедскім порце з гэтага года дзейнічае тэрмінал звадкаванага прыроднага газу, якому пастаўляе газ нарвежская кампанія Statoil. Чакаецца, што калі ў наступным годзе ЗША пачнуць экспартаваць газ, першы камерцыйны груз будзе дастаўлены менавіта ў Літву. Кіраўнік кампаніі Klaipedos nafta Мантас Бартушка некаторы час таму сказаў, што Nord Stream 2 наўпрост на Літве не адаб'ецца, аднак ён выклікае непакой у Польшчы, якой, магчыма, прыйдзецца плаціць за газ даражэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?