Экіпаж аддзела ДАІ Жыткавіцкага РАУС 15 лістапада пераследаваў аўтамабіль, кіроўца якога адмовіўся спыніцца. 

Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама Вольга Развякава, экіпаж ДАІ нёс службу па арганізацыі бяспекі дарожнага руху і аховы грамадскага парадку на аўтадарозе мяжа Расійскай Федэрацыі — Гомель — Кобрын у раёне павароту на вёску Дзедаўка. Прыкладна ў 16.10 увагу супрацоўнікаў ДАІ прыцягнуў аўтамабіль «Фольксваген-Шаран», які рухаўся з боку вёскі і стаў рэзка разварочвацца пасярэдзіне дарогі, пасля таго як кіроўца легкавога аўтамабіля ўбачыў міліцыянераў. 

Нарад дарожна-патрульнай службы пачаў пераслед іншамаркі. «Кіроўца, не рэагуючы на неаднаразовыя патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ спыніцца, якія падаваліся праз гучнагаварыцель, працягваў рух, падвяргаючы жыццё і здароўе грамадзян небяспецы, пры гэтым павялічыўшы хуткасць руху, змяняючы напрамак руху з боку ў бок і не даючы сябе абагнаць. Павіляўшы па вулачках вёскі Дзедаўка, парушальнік зноў накіраваўся ў бок аўтадарогі. За межамі населенага пункта супрацоўнікі міліцыі прынялі рашэнне аб выкарыстанні агнястрэльнай зброі, бо кіроўца «Фольксвагена» сваімі дзеяннямі ствараў рэальную пагрозу жыццю і здароўю іншых удзельнікаў дарожнага руху», — сказала начальнік аддзялення. 

Пасля папераджальнага выстралу ў паветра прагрымелі прыцэльныя выстралы па колах аўтамабіля. Толькі пасля пашкоджання трох колаў аўтамашына спынілася. 

«Кіроўца не губляў надзеі ўцячы ад прадстаўнікоў закона і накіраваўся ў лес, але яго нагналі супрацоўнікі ДАІ. Пазней стала вядома, што за рулём аўтамабіля быў 42-гадовы жыхар вёскі Баравая Жыткавіцкага раёна. Інспектары ДАІ даставілі парушальніка ў бальніцу для медагляду, аднак той ад яго адмовіўся», — адзначыла прадстаўнік ДАІ. 

У дачыненні да кіроўцы складзена сем адміністрацыйных пратаколаў за парушэнні ПДР, у тым ліку за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап'янення і невыкананне неаднаразовых патрабаванняў аб спыненні, што пацягнула пераслед супрацоўнікамі РАУС. Рыхтуюцца матэрыялы для распачынання крымінальнай справы за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане паўторна на працягу года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?