Каб завабіць студэнтаў Акадэміі кіравання на сустрэчу з расійскім прапагандыстам Мікалаем Старыкавым, ім абяцаюць вызваленне ад заняткаў на цэлы дзень. Гэта вынікае са скрыншота, дасланага ў Рэдакцыю «Нашай Нівы» студэнтам.

Сам Мікалай Старыкаў адгукнуўся на заклікі адмяніць сустрэчу з ім у Мінску так. 

«Русские, Белорусы и Украинцы — один народ! Точно также как выходец из Баварии, Гессена и Пруссии являются единым немецким народом, хотя на протяжении столетий жили в различных государствах», — напісаў ён на сваім сайце.

Ён звінаваціў патрыятычныя сілы Беларусі ў «прэсінгу» і «боксе», у выніку чаго кнігарня «Светач» другую з запланаваных сустрэч са Старыкавым адмяніла.

«Інтэрнэт-апалчэнне» Старыкава (тэрмін з ягонага сайта) засыпае беларускія сайты пад капірку напісанымі каментамі ў ягоную падтрымку.

Маладафронтаўцы заклікалі патрыётаў прыйсці на сустрэчу са Старыкавым і задаваць яму пытанні.

Сустрэчу, дарэчы, мае весці твар тэлеканала АНТ і кіраўнік прэзідэнцкага часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін. Рэдкі выпадак, калі дзяржаўны чыноўнік адкрыта падтрымлівае чалавека, які адмаўляе нацыянальную самастойнасць беларусаў.

Раней пісалі, што і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прапануюць студэнтам адгулы ўзамен за наведванне сустрэчы. 

Сустрэча адбудзецца сёння, 16 лістапада, а 18-й у Доме Масквы (Мінск, вул. Камуністычная, 66).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?