Вось якая размова з даўнім знаёмцам выйшла ў мяне гэтымі днямі.

Сустрэліся выпадкова. Ён з цяперашніх багатых, мае квоту ў будаўнічым, гандлёвым бізнесе. Зразумела, не праціўнік рэжыму, але й не заядлы лукашыст. Ліберальных, можна сказаць, поглядаў, зыходзячы з якіх і пачаў мне даводзіць, што ўсе мае апошнія дзеянні спрэс памылковыя. У тым ліку выхад з апазіцыі, з кампаніі «Гавары праўду», дзе трэба было заставацца і ўдзельнічаць у выбарах нават у тым выпадку, калі б там пагалоўна ўсе супрацоўнічалі са спецслужбамі. Чаму? Бо, па-першае, для большасці сёння гэта не мае ніякага значэння. Няма ўжо ў гэтым таго негатыву, які меўся раней, грамадства становіцца прагматычным, пазбаўляецца рамантычных, інтэлігенцкіх дурнотаў. Па-другое, адбыўся гістарычны пералом. Лукашэнка перастаў кланяцца на ўсход, пачаў эпахальны разварот на захад, да якога скіравалі яго людзі з прагматычным мысленнем у бізнесе, ва ўладзе - у тым ліку ў спецслужбах. Таму супрацоўнічаць з імі для нармальных людзей - нармальна, як гэта прынята ва ўсім свеце. 

Змены кірунку ўжо не будзе. А значыць, выйграе той, хто паспрыяе ў гэтым працэсе, распачатым менавіта цяпер, у час, калі ўлада і грамадства аказаліся да яго гатовымі. Цягнік рушыў - і хто ў яго не ўскочыў, той прайграў. Памыліўся, хоць яшчэ не позна выправіць памылку, скочыць у апошнія вагоны…

Гэтаму майму знаёмцу дапамог некалі займець першыя грошы, даў магчымасць «раскруціцца» Генадзь Карпенка, калі быў мэрам Маладзечна. І я не стаў удавацца ў спрэчку, а спытаў як бы безадносна да таго, што ён мне даводзіў: «Як ты думаеш, Карпенка памёр сваёй смерцю?..» Ён сказаў, што не ведае. «Але ты дапускаеш, што не сваёй, што ў гэтым яму паспрыялі спецслужбы, людзі, якія разварочваюцца цяпер з усходу на захад?» - настойваў я на адказе, і ён паўтарыў, што не ведае, але дапускае, што такое магло быць. «І дапускаючы, што гэтыя людзі паспрыялі сыходу аднаго з нашых сяброў, ты дапускаеш, што можна паспрыяць ім «эпахальна развярнуцца»? Што для нармальных людзей гэта нармальна?..»

На тым мы развіталіся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?