Датэрміновае галасаванне ў сталічнай школе №199 пачалося ў час.

У 10:02 я забег у маленькі кабінет з надпісам «участак №69». Члены камісіі якраз атрымалі апошнія інструкцыі, а з кабінкі для галасавання выглядвала галава першага датэрміновага выбарцы.

«А можна ў вас спытаць, як запаўняць?» — пацікавіўся чалавек у кабінцы.

«Нельга», — на ўсялякі выпадак адказалі члены камісіі.

«Ды не, які значок ставіць за таго, за каго галасую? Крыжык можна?» — усё ж спытаў ён.

«Любы сімвал пішыце», — аўтарытэтна падказала маладая жанчына, якая стаяла каля стала з бюлетэнямі. Яна выглядала галоўнай на гэтым свяце народнага волевыяўлення.

«Добры дзень. Я журналіст. Буду ў вас на ўчастку працаваць», — парадаваў я яе. Для такіх выпадкаў у камісіі ёсць спецыяльныя сшыткі, куды перапісваюцца дадзеныя з рэдакцыйнага пасведчання.

Пакуль жанчына старанна перапісвала імя, я разглядаў памяшканне ўчастка.

Увогуле ў склад камісіі запісана 13 чалавек, але, па шчырасці, я прыйшоў толькі дзеля аднаго з іх. Мультымільянер Павел Тапузідзіс чарговы раз вылучаны на гэты ўчастак «ад працоўнага калектыва бухгалтэрыі «Тытунь-Інвест».

Але Тапузідзіса на месцы не было. Затое было 7 іншых членаў камісіі, для якіх прынеслі толькі пяць крэслаў. Займаць свабодныя месцы ім было няёмка — іншым жа не хопіць, — таму ўсе стаялі каля сценаў.

Скрыня для галасавання была зусім не празрыстай. Звычайная драўляная скрынка з налепленым гербам Беларусі.

Каля яе паставілі стэнд з даведкавай інфармацыяй: біяграфіі кандыдатаў, кантактны нумар Лідзіі Ярмошынай, Канстытуцыя і выбарчы кодэкс.

Побач прымацавалі ўзор запаўнення бюлетэня. У яго ўнесена тры кандыдаты, усе з рускімі прозвішчамі: Іваноў Іван Іванавіч, Пятроў Пётр Пятровіч і Сідараў (але чамусьці не Сідар Сідаравіч, а Іван Сяргеевіч). Прычым ЦВК рэкамендуе галасаваць менавіта за Пятра Пятровіча.

Я вырашыў сфатаграфаваць дакумент эпохі, і адна з членаў камісіі неадкладна паведаміла жанчыне-перапісчыцы: «А нічога, што ён тут фатаграфуе?»

Тая не мела дакладных інструкцый, ці можна фатаграфаваць выбарчы стэнд, таму папрасіла: «Вы толькі мяне не фатаграфуйце, добра?»

Я запярэчыў, маўляў, вы ж у публічным месцы, на грамадска важнай пасадзе. Але жанчына настойвала: «Я проста не вельмі згодная…».

Новых датэрміновых выбарцаў не было відаць. За той час, што я хадзіў, каля ўчастка, не прыйшоў ніводзін новы ахвотны.

Усе 13 членаў камісіі працавалі на гэтым жа ўчастку і на папярэдніх выбарах, таму я папрасіў іх падзяліцца вопытам: «Ці многа людзей у вас звычайна галасуюць датэрмінова?» Члены камісіі заўсміхаліся і патлумачылі, што на кожных выбарах сітуацыя розная.

«А вы ўжо прагаласавалі, хто будзе старшынёй, і выбралі Тапудзіса?» — паспрабаваў угадаць я. Як выявілася, прагноз аказаўся дакладны.

Жанчына-перапісчыца аказалася намесніцай старшыні камісіі. «А вас прыцягвае менавіта асоба нашага старшыні?» — удакладніла яна.

«Вядома, — не стаў адпірацца я. — Мала дзе ўбачыш, як мільянер лічыць галасы».
Намесніца засмяялася ў адказ.

«У вас ужо такая адпрацаваная схема, усе тыя самыя…» — пачаў я.

«Не трэба. У нас мяняліся людзі», — з ноткамі крыўдамі ў голасе перапыніла мяне намесніца.

«У сэнсе? У вас у камісіі не мяняўся ніхто. Я паглядзеў спісы за парламенцкія выбары, за мясцовыя і цяперашнія», — абурыўся я.

Калі нехта хлусіць, гледзячы проста ў вочы, сумленнаму чалавеку становіцца непрыемна.

«Ну зразумела. Ну добра, добра», — адступіла намесніца.

«А вас, уласна кажучы, як завуць?» — удакладніў я.

«Лапшова Вікторыя Алегаўна, — прадставілася яна. — Вы ведаеце выдатна, я фігурую ў тым самым спісе, які вы глядзелі».

Таго спісу я пакуль не ведаю на памяць, таму запытаўся, якую арганізацыю прадстаўляе Вікторыя Алегаўна Лапшова.

«Я з «Тытунь-Інвест». Я працую там», — патлумачыла яна. Можа, намесніцы старшыні і забыліся патлумачыць, што, паводле папераў, яна прыйшла на ўчастак ад Беларускага саюза жанчын. А ад «Тытунь-Інвеста» раней рэгістравалася яе калега, якая цяпер запісалася ад Асацыяцыі шмадзетных бацькоў. Зрэшты, якая розніца.

«А чаму вас паклікала на выбары грамадзянская адказнасць?» — спытаў я. Такое самае пытанне вельмі хочацца задаць Паўлу Тапузідзісу.

«Грамадзянская адказнасць» не зусім… Па-першае, мы ўмеем, па-другое, мы ведаем», — афарыстычна адказала Вікторыя Лапшова, дадаўшы, што Сухарава — «знаёмы раён».

Але ж «Тытунь-Інвест» зарэгістраваны на вуліцы Гусоўскага, ды і Тапузідзіс мае катэдж у Драздах, а не ў Сухарава… Чаму ж менавіта ўчастак №69? Адказу не было.

«Яно само?» — падказаў я. «Так», — пагадзілася Вікторыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?