Пяціхвілінка дабрыні. Я раскажу калі беларусы пачнуць размаўляць па-беларуску. Ну, прынамсі, многія. Раскажу з прыкладам, а не проста так: бла-бла-бла. Карацей, паехалі мы аднойчы ў Грузію.

Добрай такой, душэўнай кампаніяй і быў сярод нас, даўно знаёмых людзей, адзін новы хлопец, Лёша. Скажам так: сябра аднаго прыяцеля, які сам не паехаў. Лёха быў прыўкрасен. Аматар выпіць з вельмі тонкім і добрым пачуццём гумара, начытаны, з яркім заходне-беларускім акцэнтам - душа кампаніі. Карацей, з Лёшам мы пазнаёміліся ў дзень адпраўкі з чыгуначнага вакзала і не прасыхалі да самага Кіева. А пасля яшчэ 2 тыдні. Крутата. Але была адна акалічнасць. Да маёй белмовы Лёха ставіўся з відавочным напружаннем. не варожа, а з недаверам нейкім. І з насцярожанасцю.

Але ў астатнім усё было крута. Цягацца з Лёшам у адной кампаніі было весела. Ну вось напрыклад калі мы ехалі на фунікулёры над Тбілісі і мая жонка калацілася ад страха, уткнуўшы ў мяне нос, - Лёха ласкава крануў яе за плячо і вясёла сказаў: не бяды, Кацюша, чо ты баішся?! паглядзі-ка што там унізе такое?! 

- Што там?

- Не бачу-не бачу! А! ГЭта кабінка фунікулёра валяеццца!

Лёха прыўкрасен.

Так сталася, што паездка прыйшлася на мой дзень нараджэння і адным днём увечары мы сабраліся ў мясцовым рэстаранчыку. НУ і як водзіцца тосты там і ўсё такое. Ну і даходзіць чарга да Лёшы, ён, відавочна крыху хвалюецца, тосты казаць не любіць (і больш за наступныя дні ніводнага тоста не сказаў), нарэшце ўстае і пачынае на чысцейшай беларускай мове, шпарка так з цудоўным беларускім акцэтам, які мне ніколі не займець, зычыць мне здароўя, шчасця, кахання, добрых кліентаў і усяго-усяго. Я ціха афігеўшы чакаю, пакуль ён скончыць і кажу: ну ніхранасе ты, Лёха, па-беларуску магёш. А я-та думаў, што ты у нас апалітычны праграміст з ухілам у русафільства.

- Да ты што, я ж з Ляхавічаў. Жыве Беларусь і ўсё такое.

На гэтым знікла насцярожанасць, на гэтым з Лёшы выпарыўся недавер. І я зразумеў, што тое, што я прымаў за прыхаваную варожасць - было здзіўленне тыпу: ён гэта сур'ёзна, ці прыкалваецца?

Канешне, у бліжэйшы час нікуды не падзенуцца усялякія підарасы ў кепскім сэнсе слова, якія будуць «рускі мір» і «гаваріце на нармальнам языке». Але як толькі наша вусатае непаразуменне абнуліцца…Вы ведаеце, у ледавітым акіяне тэмпература вады бывае ніжэйшай за нуль, але лёд не ўтвараецца, праз яе салёнасць і для стварэння ільду патрэбная першая ягоная часцінка. Як толькі яна ўтворыцца вакол яе імгненна вырастае ледавік. Дык вось мне падаецца, што агромная колькасць людзей з Мінска, з Ляхавічаў, Брэста, Браслава, Гомеля, Віцебска, Горадні і г.д. чакаюць свайго выпадка, калі можна будзе сказаць тост па-беларуску, як умеюць, сваім людзям і каб гэта было не сорамна. Чакаюць, каб было каму яго сказаць, бо яны паверылі, што «это бедный язык», бо ім даказалі, што гэта «не очень-та па-свецкі». Але мова з іх нікуды не знікла. Яна чакае першую ільдзінку. Ды і вада, я упэўнены, стане менш салёнай. Хутка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?