Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Малдовы Нікалае Цімафці, фота з сайта прэзідэнта Малдовы.
Вайны ва Украіне не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 верасня ў Кішынёве. «Бо яна не патрэбна нікому. Вайна вядзецца, калі нехта думае перамагчы, але ўсе бакі канфлікту перакананыя, што перамогі ім не атрымаць: ні ўкраінскае войска не пераможа, ні армія супраціву, якая там ёсць і якую называюць сепаратыстамі. Многія лічаць, што там Расія ваюе. Расія там не ваявала, і, калі яна будзе ваяваць, яна таксама не пераможа, толькі горш зробіць», — сказаў Лукашэнка.
«Ведаючы псіхалогію, вельмі добра ведаючы кіраўніцтва Расіі, — Расія не хоча ні з кім весці, а ў гэтай сітуацыі тым больш, эканамічную вайну, — лічыць беларускі кіраўнік. — Калі Украіна, Малдова, іншыя краіны, падпісаўшы дагавор аб асацыяцыі з ЕС, не будуць шкодзіць Расіі, я ўпэўнены, у бліжэйшы час, калі шкоды расійскай эканоміцы не будзе, вы нармалізуеце з ёй адносіны. Расія ў гэтай сітуацыі проста спрабуе абараніцца».
Лукашэнка адзначыў, што пэўная насцярожанасць ёсць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі, і пра гэта было сказана прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку на апошняй сустрэчы ў Мінску 26 жніўня.
Украінскаму прэзідэнту «былі прыведзены канкрэтныя палажэнні дамовы аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, якія выклікаюць насцярожанасць». Паводле слоў Лукашэнкі, Парашэнка запэўніў, што калі гэтая насцярожанасць перарасце ў канкрэтныя факты, то ўкраінскі бок будзе несці за гэта адказнасць. «На гэтым і вырашылі», — сказаў беларускі кіраўнік.
«Таму не трэба шкодзіць адзін аднаму. Падмануць, абысці, змікшыраваць неяк сітуацыю не атрымаецца: усюды добрыя спецыялісты: і ў Малдове, і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва Украіне. Усё пралічваецца», — падкрэсліў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў, што дасягнутыя Беларуссю дамоўленасці з Малдовай ніяк не могуць шкодзіць ні Расіі, ні Казахстану: «Мы не ствараем нашы адносіны супраць кагосьці. Мы ствараем іх на карысць нашых народаў і не на шкоду некаму».