Незвычайную знаходку дзеці выявілі ў парку Шылавічы 20 верасня.
Як распавёў Край.бай віляйчанін Валянцін Субота, сведкам таго, як дзеці спрабавалі адкапаць шаблю з зямлі, стала яго жонка.
«Вольга ішла да сваякоў праз парк. Пад вялікім клёнам сабралася мясцовая дзятва. Дзеці знайшлі рарытэтную зброю. Жонка дапамагла выкапаць яе і прапанавала дзецям аддаць знаходку музею, бо знойдзеная шабля — старонка нашай гісторыі, і яе павінна ўбачыць шырокая публіка», — успамінае ён.
Па словах суразмоўцы, шабля выклікала вялікую цікавасць у мясцовых падлеткаў.
Шмат хто прыходзіў фатаграфавацца з ёй і выкладалі фота ў сацыяльныя сеткі. Пра рарытэт пазней даведаліся і іншыя людзі, якія прапаноўвалі за яго немалыя грошы.
Як распавёў Край.бай дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, знойдзеная зброя — кавалерыйская шабля. Вельмі добра захаваўся эфес.
«Сама шабля захавалася дрэнна і атрымала значныя пашкоджанні часам.
На эфесе мы знайшлі манаграму з ініцыяламі. Яны належалі каралю Вестфаліі і малодшаму брату Напалеона I Банапарта Жэрому.
У час вайны ў 1812 годзе Жэром Банапарт камандаваў адной з частак французскай арміі.
Па прызнанні Сяргея Ганчара, перададзеная шабля прадстаўляе для музея гістарычную каштоўнасць і пасля аднаўлення папоўніць яго экспазіцыю.
Месца, дзе знайшлі шаблю, таксама мае гісторыю.
Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў тым самым парку быў маёнтак роду Скірмунтаў, які называўся Тэкленопаль у гонар маці ўладальніка (жанчыну клікалі Тэкля).
Каму сапраўды належала шабля, яшчэ трэба высветліць, адзначыў суразмоўца.
Паводле адной з версій, яна магла належаць прадстаўнікам маёнтка (многія падтрымлівалі палітыку Напалеона ў ваеннай кампаніі 1812 года) альбо непасрэдна ўдзельнікам арміі Напалеона, якія ваявалі на тэрыторыі сённяшняга Вілейскага раёна.
Сяргей Ганчар мяркуе, што на глыбіні, дзе знайшлі шаблю, можа быць і пахаванне.
У бліжэйшы час усе звесткі будуць перададзеныя ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з дапамогай якога можна будзе правесці раскопкі альбо больш дакладнае даследаванне знаходкі.