Аляксандр Нойнец (на здымку ў цэнтры) — галоўны рэдактар сайту «Пётр и Мазепа», які паўстаў вясною 2014 г., і за гэты час паспеў нарабіць шуму. Адыёзны «Спутнік і пагром» разлічваў, што новы рэсурс будзе займацца прапагандай расейскага нацыяналізму ва Украіне, але тандэм не склаўся. Пасля анэксіі Крыму калектывы канчаткова разышліся, хоць час ад часу і патрольваюць адзін аднаго.

«Пётр і Мазепа» сваімі матэрыяламі намагаецца даказаць, што некаторыя рускія бліжэй да Украіны, чым мясцовыя нацыяналісты. Аляксандр любіць пісаць прагнозы, якія, па яго словах, спраўджваюцца ў 6 з 10 выпадках. Артыкул пра магчымы тэракт у Маскве на 9 мая сабраў больш за 11 тысяч распаўсюдаў і на тры дні стаў самым чытаным артыкулам ва ўкраінскім інтэрнэце.

— Па меры разрастання канфлікту з Расіяй, наўрад ці ва Украіне расце любоў да рускіх, Ваш жа сайт выступае ў якасці платформы, якая аб'ядноўвае рускіх украінцаў, якія жадаюць жыць у адзінай Украіне. Наколькі паспяхова атрымліваецца гэтых рускіх мабілізаваць і як іх успрымаюць украінцы?

— Няма задачы неяк «мабілізаваць» рускіх Украіны. З гэтай задачай ужо і так ідэальна справіўся Пуцін. Рускія мабілізаваныя напоўніцу. Уласна кажучы, даволі часта гучыць ад нашых крыніц у ДНР скарга — «а чаго гэта з намі ваююць мікалаеўцы і днепрапятроўцы, а не галічане?» Людзям гэта важна, яны палітрукамі працуюць, ім трэба неяк абгрунтоўваць, што ДНР — гэта менавіта вайна рускіх супраць украінцаў, а атрымліваецца, што рускія Поўдня і Цэнтра Украіны гэты тэзіс пастаянна сваёй прысутнасцю абвяргаюць.

Украінцы ставяцца да рускіх сапраўды гэтак жа, як і да габрэяў — з прыжмурам. Зараз рускія ва Украіне патрапілі ў цалкам пэўную групу рызыкі, але калі чалавек на гэтую антыўкраінскую прапаганду не вядзецца і застаецца патрыётам, то з боку ўкраінцаў да яго наадварот, падвышаная павага.

Смешная справа — часцей за ўсё, калі адзін украінец тлумачыць пра нас іншаму украінцу, маўляў, ці не крамлёўскія мы часам, нас параўноўваюць са «Свабодай», у тым сэнсе, што гэтыя рускія больш нашы, чым усякія цягнібокі, і пабольш бы нам такіх рускіх.

— Ваенныя дзеянні ва Украіне далі магутны штуршок да росту нацыяналізму. Якія пазітыўныя і негатыўныя бакі ўкраінскага нацыяналізму мы можам назіраць цяпер?

— Ёсць надзея, што ўкраінскі нацыяналізм перарасце дзіцячыя штонікі монаэтнічнага сельскага нацыяналізму і будзе будавацца на прынцыпах успрымання Украіны, як поліэтнічнай дзяржавы, перарасце ў нацыяналізм палітычнай нацыі.

Негатыўны бок у тым, што надзея гэтая ўсё роўна не спраўдзіцца на 100%. І ў сувязі з апошнімі падзеямі антырасейскі базіс украінскага нацыяналізму атрымае дадатковы штуршок. Гэта значыць, у выніку ўсё роўна, нават пры самым пазітыўным развіцці падзей, частка нацыяналістаў застанецца на пазіцыях «маскаляку на гілляку» замест пазіцый эканамічнага развіцця дзяржавы.

— «Пётр і Мазепа», прасоўваючы праўкраінскую пазіцыю, адсоўвае моўнае пытанне на другі план, робячы акцэнт на змесце, а не форме. Афіцыйнае двухмоўе для Украіны і Беларусі — гэта добра ці хутчэй дрэнна?

— Мы знаходзімся на пазіцыях рэгіянальных моў. Няма ніякага сэнсу ў афіцыйнай рускай мове ў Івана-Франкоўскай вобласці. Калі зусім дакладна, то мы знаходзімся на пазіцыях дэцэнтралізацыі і вырашэння максімальнага ліку пытанняў унутранай палітыкі рэгіёнаў шляхам дэмакратычных ініцыятыў саміх рэгіёнаў. То бок, калі Адэская вобласць прагаласуе за афіцыйны статус балгарскай мовы — у добры шлях.

Мая асабістая ж пазіцыя такая, што я рускі і рускамоўны, у Кіеве жыву на 95% у рускамоўным асяродку, таму мяне бягучая сітуацыя цалкам задавальняе. Мне важна, каб мая дачка вырасла ў рускамоўнай культурнай прасторы, таму я буду шукаць для яе рускую школу, і знайду.

Важна разумець, што РФ ні ў якім разе нельга пакідаць эксклюзіўныя правы на рускую культуру, таму што калі гэта будуць эксклюзіўныя правы РФ, то мы іх як бы проста ўзялі пакарыстацца, і яна можа вызначаць для нас умовы арэнды. А гэта не так. Мікалаеўская вобласць — не менш рускі рэгіён, чым Растоўская, таму руская мова і руская культура — не менш за мае, чым жыхара Таганрога, напрыклад. І я буду іх абараняць, у першую чаргу ад Расійскай Федэрацыі.

— Са стратай «Партыі рэгіёнаў», як палітычнай сілы якая адказвае за прарасейскі вектар, няма каму прадстаўляць рускіх/прарасейскіх украінцаў падчас выбараў. Як не даць гэтай частцы людзей адчуваць сябе «лішнімі» ва Украіне? За каго зараз галасуюць рускія ўкраінцы?

— Страшная памылка — лічыць, што «Партыя рэгіёнаў» адказвала за прарасейскі вектар. Яна спекулявала статусам рускай мовы, не больш за тое. Не было ніколі ў рускіх Украіны сваёй палітычнай сілы. Сапраўды гэтак жа, як і ў рускіх Расіі ўжо сто гадоў, як не было сваёй палітычнай сілы.

Рускія украінцы цяпер прагаласавалі за Парашэнку. За каго прагаласуюць на парламенцкіх выбарах — бог ведае.

Лішнімі рускія Украіны сябе не адчуваюць, пакуль што, па меншай меры, пакуль ім ёсць чым заняцца — страляць у расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Украіны. Адчуваюць сябе вельмі патрэбнымі.

— Ці варта Украіне, ды і Беларусі, будаваць нацыю на аснове грамадзянскай, а не нацыянальнай культуры?

— Што б ні рабілася, усё павінна рабіцца добра. Можна будаваць нацыю на аснове грамадзянскай культуры, можна на аснове нацыянальнай, можна на ідэі першаснасці паветраных шарыкаў у структуры эканомікі. Альбо гэта робіцца доўга, планамерна і якасна, і тады вынік радуе вока, або спарадычна і па рэшткавым прынцыпе, і тады прыходзьце пасмяяцца ўсёй краінай.

Асабіста мы будуем рускі складнік украінскай палітычнай нацыі. Калі іншыя складнікі палітычнай нацыі падвязуць — атрымаецца гарманічная палітычная нацыя. Калі не падвязуць — так і застанецца.

Але ў той жа час мы будуем і ўкраінскі складнік міжнароднай рускай нацыі. І спадзяемся ўбачыць такі ж складнік у Казахстане, Расіі, Беларусі і іншых краінах. Падвязуць — атрымаецца. Ці не падвязуць — так і застанецца.

— Нягледзячы на тое, што ад самага пачатку канфлікту з Расіяй Лукашэнка ў публічных выказваннях акуратна падтрымліваў пазіцыю Украіны, пры гэтым не забываў дагадзіць Крамлю. Наколькі незалежна на ваш погляд Лукашэнка праводзіць сваю палітыку? Ці ўсё ж выгляд падтрымкі Украіны таксама ўзгадняўся з Крамлём?

— Мне здаецца, Лукашэнка страшна спалоханы паводзінамі Пуціна, і хоча максімальна ад яго дыстанцыявацца. Увогуле, я думаю, што і Лукашэнку таксама ясна, што хутка ірване, і ён хоча апынуцца далей ад эпіцэнтра, каб асколкамі ня прываліла.

Не здзіўлюся, калі гадоў праз 5-7 такога курсу мы ўбачым, як Лукашэнка (ці яго пераемнік) увядзе Беларусь у младаеўрапейскую супольнасць.

— Цяперашні крызіс паказвае, што Захад не гатовы цалкам заступацца за Украіну. Такім чынам, постсавецкія краіны пры канфлікце з Расіяй могуць разлічваць толькі на свае сілы. У гэтым кантэксце наколькі рэальна пачатак інтэграцыі Беларусі — Украіны — Прыбалтыкі і Польшчы з Літвою пры наяўнасці магутнай Расіі?

— Высадзіць дэсант і зладзіць зачыстку Крыма да самага Крамля? Так, настолькі Захад нам дапамагаць не гатовы. І, шчыра сказаць, дзякуй Богу. Чым больш мы зробім для сваёй незалежнасці самі цяпер, тым больш мы будзем незалежнымі ад Захаду ў будучыні.

Аднак, трэба разумець, што мы бачым не толькі канфлікт па лініі РФ-Украіна. Ёсць і канфлікт па лініі ЕС-ЗША. І ў гэтым канфлікце ЗША не задавальняе забюракратызаванасць і нерашучасць ЕС. І калі ЕС не зменіць цалкам сваю парадыгму мыслення і стаўленне да таго, што адбываецца ў свеце, то Вялікае Княства Літоўскае 2.0 мы зможам убачыць ужо гадоў праз 10, і менавіта на пабудову такога моцнага еўрапейскага партнёра і будзе нацэлена палітыка ЗША.

І ў гэтым кантэксце для рускага насельніцтва гэтых краін вельмі важна захаванне сябе менавіта як рускага насельніцтва. Таму што ў такім выпадку ВКЛ 2.0, як гэта ўжо было 500 гадоў таму, з'яўляецца шанцам для рускіх людзей атрымаць вялікую і моцную поліэтнічную дзяржаву, у якой яны прадстаўленыя ў роўнай меры з іншымі нацыямі. Гэта значыць, у гэтым выпадку РФ канчаткова і беспаваротна губляе эксклюзіўныя правы дыктаваць умовы «рускага свету», як у свой час ангельцы страцілі эксклюзіўныя правы на ангельскую культуру з набыццём незалежнасці ЗША, і былі вымушаныя яе падзяліць з амерыканцамі. І мы, у сваю чаргу, атрымліваем другі шанец — шанец адрадзіць рускую культуру, знішчаную савецкім і постсавецкім успрыманнем. Адрадзіць рускую культуру, як інтэгральную частку еўрапейскай. Увогуле, аднавіць гістарычную справядлівасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?