rg.ru

rg.ru

Кіраўнік федэральнай службы РФ па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляда) Сяргей Данкверт сёння знаходзіцца з візітам у Беларусі.

Як паведамілі ў прэс-службе Рассельгаснагляда, Данкверт правядзе перамовы з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам, галоўным ветэрынарным інспектарам краіны Юрыем Піваварчыкам, а таксама дырэктарам Галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Леанідам Пляшко. 

На перамовах будуць абмяркоўвацца ў тым ліку пытанні недапушчэння рээкспарту з тэрыторыі Беларусі ў РФ прадукцыі тых краін, у дачыненні да якіх Расія ўвяла санкцыі, а таксама праблема барацьбы з афрыканскай чумой свіней. 

Нагадаем, на мінулым тыдні Расія на год забараніла імпарт шэрагу сельскагаспадарчых і харчовых тавараў з краін, якія ўвялі санкцыі ў дачыненні да расійскіх чыноўнікаў і арганізацый, — гэта ЗША, дзяржавы ЕС, Канада, Аўстралія і Нарвегія. У адпаведны спіс трапілі ялавічына, свініна, птушка, садавіна, агародніна, сыры і малочная прадукцыя, арэхі і іншыя прадукты. 

У сувязі з гэтым Беларусь выказала гатоўнасць павялічыць аб'ём паставак свайго харчавання ў Расію. Як заявіў 7 жніўня першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, Беларусь гатова пастаўляць харчаванне ў Расію замест краін, у дачыненні да якіх Масква ўводзіць санкцыі. «Для нас гэта кландайк. Мы гатовыя замяніць заходнія краіны па многіх пазіцыях у частцы харчавання», — сказаў чыноўнік. 

На 13 жніўня запланаваны візіт беларускай дэлегацыі ў Маскву. Там павінны прайсці перамовы з віцэ-прэм'ерам Расіі Аркадзем Дварковічам па пытаннях паставак беларускага харчавання ў РФ. 

Паводле разлікаў Мінсельгасхарча, да канца гэтага года Беларусь гатова паставіць на расійскі рынак больш за 2 млн. тон малочных і больш за 150 тыс. тон мясных вырабаў. У грашовым выражэнні пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Расію ў перыяд са жніўня па снежань могуць скласці 2 млрд. долараў. Такім чынам, валютная выручка ад паставак беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання за гэты год можа наблізіцца да 6 млрд. долараў (у 2013 годзе гэты паказчык складаў 5,8 млрд. долараў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?