Фота forum.globus.tut.by.
Абмерныя чарцяжы пачатку ХХ ст. Фота radzima.org.
Адзін з падарожнікаў месяц таму наведаў вёску Вістычы на Брэстчыне. І выставіў на форуме фотаздымак Крыжаўзвіжанскай царквы. Побач з храмам на фота стаіць драўляны каркас купала. Інтэрнаўты адразу забілі трывогу: няўжо цыбуліна з’явіцца і на гэтым прыгожым храме? Падобны вандалізм здарыўся ў шэрагу гарадоў і вёсак. Але ў дадзеным выпадку падстаў для панікі, як высветлілася, няма.
«Гэта не купал — сігнатура аднаўляецца. Там вядзецца цэлы комплекс аднаўленчых работ пад нашым кантролем», — расказаў «Нашай Ніве» старшыня Таварыства аховы помнікаў Анатон Астаповіч.
Крыжаўзвіжанскі храм быў пабудаваны як каталіцкі ў другой палове ХVІІІ стагоддзя пры кляштары цыстэрцыянцаў. У 1866 годзе, пасля Паўстання Каліноўскага, пераасвячаны ў праваслаўную царкву.
Цяпер у ваколіцы каталікоў застаецца мала, таму царква застаецца ў праваслаўных.
Па словах Астаповіча, вежа-сігнатура прысутнічала на будынку касцёла. Яна захавалася на чарцяжах ХІХ стагоддзя: калі будынак перадавалі праваслаўным, правялі абмеры. Копіі дакументаў і перадалі настаяцелю царквы а. Анатолю.
Астаповіч звяртае ўвагу, што аднаўленне адбываецца менавіта на падставе гістарычных дакументаў.
Ён дадаў, што ў канцы жніўня на царкву купілі дах — каштоўную керамічную дахоўку. Таксама а. Анатоль разбурыў брамку перад храмам, якую без густу паставілі ў нядаўні час з сілікатнай цэглы. Плануецца, што будзе адноўлена гістарычная брама. І з храма знікнуць пластыкавыя вокны — іх заменяць на драўляныя.
«Храм атрымае гістарычны выгляд», — падсумаваў Астаповіч.
Сігнатура — малая вежа на даху храма (у асноўным на каталіцкім), на якой звычайна знаходзіцца найменшы са званоў