Першы (чарнавы) варыянт праекта. Канчатковы трымаюць у сакрэце. Помнік Альгерду мае стаць адным з першых конных манументаў у Беларусі.

Першы (чарнавы) варыянт праекта. Канчатковы трымаюць у сакрэце. Помнік Альгерду мае стаць адным з першых конных манументаў у Беларусі.

Першы (чарнавы) варыянт праекта. Канчатковы трымаюць у сакрэце. Фота «Народныя навіны Віцебска».

Першы (чарнавы) варыянт праекта. Канчатковы трымаюць у сакрэце. Фота «Народныя навіны Віцебска».

Князь Альгерд на помніку «1000-годдзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе (1862). Расійскае самадзяржаўе не баялася прызнаваць літоўскіх князёў часткай гісторыі.

Князь Альгерд на помніку «1000-годдзе Расіі» ў Вялікім Ноўгарадзе (1862). Расійскае самадзяржаўе не баялася прызнаваць літоўскіх князёў часткай гісторыі.

Урачыстае адкрыццё помніка вялікаму князю Альгерду на Уваскрасенскай плошчы ў Віцебску запланаванае на чэрвень. Яно стане вынікам некалькіх гадоў працы — у 2011 адбыўся конкурс на найлепшае ўвасабленне вялікага князя, год таму зацверджаны праект скульптара Валерыя Магучага, у СМІ з’явіліся першыя выявы велічнага помніка, упісанага ў гарадскія пейзажы.

Вялікі князь Альгерд, уладар гіганцкай дзяржавы, які ставіў дзіду ля маскоўскай брамы, вызваліў Кіеў ад татараў, стрымліваў тэўтонаў, у Віцебску вучыўся кіраваць. Ён стаў віцебскім князем яшчэ пры жыцці бацькі Гедыміна, бо быў жанаты з віцебскай князёўнай. Праз гэты дынастычны шлюб багаты горад мірна ўвайшоў у ВКЛ, быў абнесены замкавымі мурамі.

Ініцыятыву паставіць Альгерду ў Віцебску помнік ухваліў асабіста Лукашэнка. Чаму не? Моцныя кіраўнікі з летапісных часоў не супярэчаць сённяшнім ідэалагічным схемам.

Затое, як аказалася, супярэчаць схемам імперскім. 25 красавіка ў Віцебску «адбылася сустрэча прадстаўнікоў арганізацый расійскіх суайчыннікаў». Удзельнікі заклікалі не дапусціць устаноўкі помніка Альгерду, які «вядомы ганеннямі і забойствамі праваслаўных сучаснікаў, здзяйсненнем шматлікіх вайсковых паходаў на Маскву».

Хто яны — «расійскія суайчыннікі»?

Карэспандэнту «Нашай Нівы» удалося звязацца з адным з удзельнікаў сустрэчы. Андрэй Герашчанка, былы кіраўнік аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, публічна адмаўляў існаванне беларускай нацыі і беларускай мовы. У 2011 яго звольнілі ў сувязі са сканчэннем кантракта. Цяпер ён прадстаўляецца старшынёй віцебскага грамадскага аб’яднання «Рускі дом».

Спадар Герашчанка паведаміў, што ў сустрэчы «браў удзел як фізічная асоба». Усяго, паводле яго словаў, прысутнічала пятнаццаць чалавек «казакоў і расійскіх суайчыннікаў». «Больш прадзяржаўныя», як ён выказаўся, арганізацыі не прыйшлі.

«Антырасійскі помнік»

Асабіста Герашчанка гатовы пагадзіцца на ўсталяванне помніка Альгерду, аднак толькі «ў звязцы з помнікамі Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе» (раней былі такія планы). «А так выходзіць, што антырасійскі ў большай ступені помнік усталёўваецца, а гэтыя — не». На яго думку, калі паставіць толькі помнік Альгерду, «гэта не будзе добра для нашай грамадзянскай згоды».

За што ж «суайчыннікі» не любяць Альгерда? «Першая праблема — яго стаўленне да праваслаўных: калі ў паганскім лесе забілі трох святых», — кажа Герашчанка. Паводле яго словаў, на сустрэчы зачытвалі дакумент, у якім усталяванне помніка асуджае Беларускі Экзархат РПЦ. «Ён быў падпісаны менавіта Філарэтам, дзе дастаткова негатыўна гаварылася пра магчымую ўстаноўку помніка Альгерду. У негатыўным сэнсе як да гістарычнага персанажа. Але я не магу сказаць, калі ён быў напісаны і з якой мэтай», — кажа Герашчанка.

Было б дзіўна, калі б дакумент адлюстроўваў афіцыйную пазіцыю праваслаўнай Царквы. Якраз пры Альгерду ў Вільні з’явіліся першыя праваслаўныя храмы, выява вялікага князя і яго жонкі Улляны і цяпер ёсць у Міхайлаўскай царкве, а сам князь, паводле некаторых крыніц, перад смерцю прыняў схіму — стаў праваслаўным манахам.

«Альгерд фактычна ўвесь час займаўся захопніцкімі паходамі. Я не сказаў бы, што ён шмат для Віцебска зрабіў. Будаваў замкі. Але рабіў не для таго, каб добраўпарадкаваць Віцебск, а каб было ў яго апорнае месца», — кідае абвінавачанне за абвінавачаннем Герашчанка. Так і ўяўляецца, як у XIV стагоддзі князь, замест гарадскіх сценаў, будуе лядовы палац і кладзе плітку.

«Расійскія суайчыннікі» пастанавілі звярнуцца да ўладаў з прапановай не ставіць помнік Альгерду. «Усё¬такі, калі не вырашана пытанне з двума іншымі помнікамі, гэта не вельмі добра будзе. Тым больш, у бок Расіі напярэдадні «Славянскага базара», — кажа Герашчанка.

«Альгерд, несумненна, быў праваслаўным»

«Рускія бутафорскія арганізацыі ўмешваюцца ў нашу гісторыю, грамадскае жыццё, — так каментуе заяву гісторык Алесь Краўцэвіч. — У гісторыі нашай краіны Альгерд — станоўчая фігура. Гэта князь, які Віцебск будаваў, мацаваў нашу дзяржаву, які «прыструніў» Маскву. Бо самая невялікая небяспека для краіны была з боку Масквы.

Гэта легенда, што Альгерд забіў праваслаўных святых. Альгерд, несумненна, сам быў праваслаўным. Па­першае, маці яго — полацкая князёўна. Па­другое, нельга было княжыць у Віцебску і не быць праваслаўным, як і ў Полацку.

І проста смешна, што расійцы дыктуюць нам, каму помнік ставіць, а каму не. Аляксандр Неўскі абсалютна не мае дачынення да нашай гісторыі. А помнікі княгіні Вользе і Неўскаму хочуць паставіць тут таму, што гэтага хоча Расійская праваслаўная царква», — адзначае навуковец.

Гарвыканкам: рашэнне ніхто не адмяняў

Якім жа будзе помнік Альгерду ў Віцебску? Канчатковы варыянт трымаецца ў сакрэце. Але год таму ў СМІ трапіў адзін з першых эскізаў: вялікі князь быў выяўлены на грозным рыцарскім кані, з сокалам на правай руцэ. «Я максімальна браў усе крыніцы, якія ўдалося знайсці. У тым ліку летапісныя апісанні Альгерда: тонкі нос, глыбокія вочы...» — кажа скульптар Валерый Магучы.

Як паведамілі карэспандэнту «НН» у аддзеле культуры Віцебскага гарвыканкама, рашэнне пра ўсталяванне помніка ніхто не адмяняў. Цяпер праект знаходзіцца на стадыі зацвярджэння мадэлі. Задача стаіць — да 1 чэрвеня помнік паставіць.

***

Даведка

Альгерд

(1296? — 1377) — вялікі князь літоўскі, сын Гедыміна. Валодаў Віцебскам, Крэвам, пакуль не стаў вялікім князем. У часе яго кіравання (1345—1377) тэрыторыя ВКЛ вырасла ўдвая за кошт паўднёвых і ўсходніх земляў. Ваяваў з Тэўтонскім ордэнам і Маскоўскім княствам. Перамог татараў на Сініх водах (1362). Ад двух жонак (Марыі Віцебскай і Улляны Цвярской) меў 12 сыноў, у тым ліку Ягайлу, Андрэя Полацкага, Скіргайлу, Свідрыгайлу, Уладзіміра.

За помнік Альгерду ў Віцебску!

Суполка з такой назвай з’явілася ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Яе арганізатары заклікаюць звяртацца да гарадскіх уладаў у падтрымку помніка. Яны мяркуюць, што чым больш людзей выкажуцца, тым большая верагоднасць, што помнік з’явіцца. Пісаць лісты заклікаюць на імя старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Паўлавіча Нікалайкіна (210005, Віцебск, вул. Леніна, 32).

Не чужы і Расіі

Першую «княскую практыку» Альгерд атрымліваў у Усвятах (цяпер Пскоўшчына), запрашалі яго і ў сам Пскоў. Альгерд адмовіўся, паслаўшы замест сябе сына Андрэя.

Дзіда ля маскоўскай брамы

Паводле «Хронікі Быхаўца», у 1370 Альгерд, у адказ на пахвальбу маскоўскага князя Дзмітрыя Іванавіча быць у Літве «па краснай вясне, па ціхім леце», раптоўна з’явіўся пад Масквой на Вялікдзень і прыхіліў сваю дзіду да маскоўскіх муроў. А Дзмітрый мусіў адкупіцца ад ліцвінаў.

Алесь Краўцэвіч

доктар гісторычных навук. Нарадзіўся ў 1958 у Мастоўскім раёне. Скончыў гістфак БДУ і аспірантуру пры Інстытуце археалогіі АН СССР у Маскве. Займаецца гісторыяй ВКЛ. Летась за кнігу «Гедымін (1316–1341). Каралеўства Літвы і Русі» атрымаў ад Беларускага ПЭН¬цэнтра прэмію імя Францішка Багушэвіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?