Следчы камітэт завёў новыя крымінальныя справы па расследаванні фактаў карупцыі з боку службовых асобаў ААТ «МАПІД».

У красавіку 2012 Генеральнай пракуратурай быў арыштаваны намеснік дырэктара па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні доследнай вытворчасці «Будпрагрэс» ААТ «МАПІД».

Пазней яму выставілі абвінавачванне па ч.3 арт.430 Крымінальнага кодэкса. Паводле звестак пракуратуры, падазраваны са студзеня 2008 па сакавік 2012 атрымаў хабар у памеры 25 тысяч даляраў ад кіраўніка ЗТАА «Алміэр» «за спрыяльнае вырашэнне пытання аб заключэнні і прадаўжэнні тэрміну дзеяння дамовы арэнды склада на тэрыторыі АП «Будпрагрэс» і за неаказанне перашкод у выкананні названай дамовы».

Яшчэ пазней падазраванаму дадаткова выставілі абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства па ч.2 арт.424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Паводле звестак следства, службовая асоба ААТ «МАПІД» выкарыстала ў асабістых мэтах аўтатранспарт, будаўнічыя машыны і работнікаў прадпрыемства, арганізавала іх незаконны выезд за межы Мінска, для дастаўкі на яе дачны ўчастак у в. Прудок Лепельскага раёна будаўнічых матэрыялаў, выканання будаўніча-рамонтных і іншых работ, што пацягнула прычыненне шкоды АП «Будпрагрэс» ААТ «МАПІД» на суму 29 мільёнаў рублёў.

Цяпер Следчы камітэт выявіў новыя факты атрымання хабару, у якіх замяшаныя службовыя асобы іншых будаўнічых кампаній. Так СК узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да былога начальніка аддзела продажаў ТАА «Фрэймхаўстрэйд». Яму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства па ч.2 ст.431 Крымінальнага кодэкса (дача хабару). Паводле следства, падазраваны з лютага 2009 па ліпень 2011 супольна з дырэктарам названага таварыства не раз перадаваў грашовыя сродкі ў выглядзе хабараў на агульную суму больш за 12 мільёнаў рублёў намесніку дырэктара АП «Будпрагрэс» «за спрыяльнае вырашэнне пытання аб паскарэнні разлікаў паміж арганізацыямі».

Дырэктар камерцыйнай кампаніі вызвалены ад крымінальнай адказнасці, як асоба, што добраахвотна заявіла аб факце дачы хабару. Расследаванне працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?