На нямецкім інтэрнэт-аўкцыёне ebay.de з’явіліся ў продажы фотакарткі, зробленыя нямецкім жаўнерам падчас Першай сусветнай вайны.

На здымках можна пабачыць нямецкіх жаўнераў каля палескіх хатаў з саламянымі стрэхамі ці ў цэнтры вёскі каля студні з журавом. Альбо пад бярозавай брамаю ці са зброяй каля дарогі ў цэнтры вёскі. Можна пабачыць і здымак палонных рускіх салдат на вуліцах мястэчка. Дарэчы, на тым здымку відаць тэлеграфныя слупы і ладныя, заможныя будынкі.

Каб забяспечыць патрэбы фронту, немцы ў вялікай колькасці клалі па нашай зямлі вузкакалейкі. На адным з фота бачная калона жаўнераў, што ідуць па грэблі, а побач — рэйкі. На двух фота зафіксаваны пажар у Святой Волі — гараць нейкія будынкі.

Кайзераўскія жаўнеры фатаграфаваліся і каля сваіх бліндажоў, што, відаць, месціліся побач з вёскаю. Але мы не бачым ніводнага мясцовага жыхара. Ці яны былі нецікавыя нямецкім салдатам, ці, магчыма, мястэчка было «нежывое»: адыходзячы, расійскае войска прымушала праваслаўнае насельніцтва з’язджаць з ім — у бежанства. Нямецкія ж улады таксама высялялі жыхароў прыфрантавых вёсак углыб захопленай тэрыторыі.

Усе здымкі прадаліся за 4,99 еўра.

Пра тыя часы ў самой вёсцы цяпер нагадвае толькі каменны крыж на месцы нямецкіх могілак 1915—1918 гг. Само мястэчка Святая Воля мае сваю гісторыю — першы раз згадваецца ў XVIIІ стагоддзі, калі 23 лістапада 1724 г. Аўгуст II Моцны надаў паселішчу права мястэчка з правядзеннем штогадовых таргоў. З 1761 года ім валодаў Міхал Казімір Агінскі. У канцы ХІХ стагоддзя, згодна са слоўнікам Бракгаўза і Эфрона, у мястэчку жыло 500 жыхароў, была праваслаўная царква і габрэйская малітоўная школа.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?