● Не народ для ўрада, а ўрад для народа.

● Дык сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою — не шкадуйце працы,— каб і мужык быў чалавекам вольным, як ёсць на цалюткім свеце.

● У нас, дзецюкі, суды — гэта воўчая яма, дзе не разбіраюць, ці за табой праўда, ці не. Бяспекі ніякай няма, хто дужэйшы, той і глуміць; а войска то не для таго трымаюць, каб аберагаці кожнага ад злых людзей, а для таго, каб не пазволіць народу і застагнаць, калі пазнае сваю няволю, калі згледзіцца, што дзяруць з яго над сілы.

(З «Мужыцкай праўды», якая выдавалася паўстанцамі ў лясах)

● З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — але не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Няма ж, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тады ён толькі можа жыць у багацці, праўдзе, тады ён толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлую сэрцам палюбіць. Але як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзівая з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, але на пагібель нашу.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні.

(«Лісты з-пад шыбеніцы», напісаныя з турмы)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0