Рамана Пратасевіча (у цэнтры) вядуць агенты ў цывільным. Фота euroradio.fm.

Рамана Пратасевіча (у цэнтры) вядуць агенты ў цывільным. Фота euroradio.fm.

Так Раман Пратасевіч развітаўся з марай стаць студэнтам Вайскова-касмічнай акадэміі.

Гісторыя Рамана пачалася 6 ліпеня. Тады 16-гадовага юнака затрымалі на маўклівай акцыі ў Мінску. Як непаўналетняга, яго адпусцілі, але бацькам і ў навучальную ўстанову паведамілі.

Бацькі юнака не падзяляюць перакананні сына.
Таму без скандалу не абышлося.
Тата ў Рамана ідэолаг. Дзмітрый Пратасевіч працуе старшым выкладчыкам кафедры ідэалагічнай працы Вайсковай акадэміі. А мама, шчыра праваслаўная, са словаў юнака, спрабавала зацягнуць сына на сеанс экзарцызму, каб «выгнаць д'яблаў».

Пасля акцыі, кажа Раман, яго адлічылі з Ліцэя БНТУ. Перад гэтым былі неаднаразовыя размовы з адміністрацыяй навучальнай установы. Папярэджвалі, што ў выпадку, калі і далей будзе будзе рабіць не так, як іншыя, яго адлічаць. Юнак не выракся сваіх поглядаў.

Ад бацькоў Раман сышоў. Жыве цяпер асобна. Па месцы рэгістрацыі ён пайшоў у 11-ы клас звычайнай сярэдняй школы. Хоча перайсці ў Коласаўскі ліцэй.

Раман Пратасевіч расказаў, што ён неаднаразовы пераможца алімпіяд па фізіцы і адзначаны прэзідэнцкай прэміяй за навуковую працу — па новых тыпах рухавікоў.

На конкурсе ў Санкт-Пецярбургу ягоная праца заняла другое месца. Працягваць вучобу пасля Ліцэя думаў у мінскім БДУІРы, але запаветнай яго марай была піцерская Вайскова-касмічная акадэмія. Але цяпер з ягонай характарыстыкай, думае ён, яму можна забыць і аб прафесіі вайскоўца.

Дырэктарка Ліцэя БНТУ адмовілася каментаваць адлічэнне Рамана Пратасевіча. «Не хачу весці размову на гэтую тэму», — заявіла Галіна Галяш.
Яна абурана тым, што да яе адразу не звярнуліся журналісты, а запісалі ўсё са слоў непаўналетняга Рамана. І «раздзьмулі скандал», — кажа яна. Але жанчына не захацела назваць афіцыйную версію адлічэння юнака, каб праясніць сітуацыю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?