Атракцыён у Лідзе. Фота: Следчы камітэт

Атракцыён у Лідзе. Фота: Следчы камітэт

У Лідзе сёння днём з атракцыёна звалілася 11-гадовая дзяўчынка, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Разам з мамай яна прыйшла ў парк забаў, які прыехаў у горад некалькі тыдняў таму, і захацела пакатацца на экстрэмальным атракцыёне Hammer. Праз некалькі секунд пасля запуску абсталявання дзяўчына звалілася з вышыні. Яна дастаўлена ў бальніцу ў цяжкім стане.

На месцы аварыі працуе следча-аператыўная група. Абставіны здарэння высвятляе Лідскі раённы аддзел СК.

Дактары Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы робяць усё неабходнае для стабілізацыі стану дзяўчынкі. Пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

«Дзяўчынка са шматлікімі спалучанымі траўмамі шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленне. Цяпер стан дзіцяці стабільна цяжкі», — гаворыцца ў паведамленні.

«У бальніцы пацыентцы выкананы ўсе неабходныя абследаванні: КТ галавы, органаў грудной клеткі, брушной поласці і таза, неабходныя лабараторныя абследаванні. Праведзены кансультацыі вузкімі спецыялістамі.

Па санавіяцыі з Гродна выкліканыя для аказання дадатковай дапамогі анестэзіёлаг-рэаніматолаг, траўматолаг і афтальмолаг. Дадаткова з Мінска па санавіяцыі выкліканы для правядзення кансультацый сківічна-тварны хірург рэспубліканскага ўзроўню».

Увечары стала вядома, што Лідскім раённым аддзелам Следчага камітэта па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.338 (аказанне паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаванням бяспекі для жыцця або здароўя спажыўцоў, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
26
Абуральна
1