Аліна: «Лепш сумленна сказаць. Навошта марнаваць чужы час і нервы?»
— Я ўпэўнена, што, калі магіі з чалавекам не адбылося, заўсёды пра гэта лепш сумленна сказаць. Навошта марнаваць чужы час і нервы? Калі я на першым спатканні разумею, што чалавек не цікавіць мяне ў рамантычным плане, то ў той жа вечар ці на наступны дзень пішу яму нешта накшталт: «Ты класны, але мы можам быць толькі сябрамі». Звычайна людзі адэкватна ставяцца да гэтага.
У мяне было толькі дзве непрыемныя сітуацыі. На адным спатканні я адразу зразумела, што хлопец мне не падабаецца.
Пасля таго, як я напісала яму, што больш не планую з ім бачыцца, ён пачаў пагражаць суіцыдам. Мяне гэта тады вельмі моцна напалохала. Я паспрабавала паразмаўляць з ім на тэму таго, што не варта скакаць з акна з-за дзяўчыны, якую бачыў раз у жыцці.
Потым пачало адбывацца нешта зусім неверагоднае. Ён стаў практычна кожную гадзіну слаць мне парнаграфічныя матэрыялы — то спасылкі на порна, то эратычныя карцінкі. Я трывала тыдзень, а потым проста заблакавала яго і стала жыць спакойна. На шчасце, на гэтым гісторыя скончылася.
У другім выпадку я некалькі месяцаў перапісвалася з хлопцам з Нарвегіі. Гэта былі тыя цудоўныя часы, калі можна было проста сесці ў Мінску на аўтобус і паехаць на выходныя ў Вільню. Вось у Вільні мы і дамовіліся сустрэцца. Мы шпацыравалі па горадзе і шмат размаўлялі, але я даволі хутка зразумела, што ў рэальным жыцці ён падабаецца мне значна менш, чым у перапісцы. Я сказала яму ў канцы сустрэчы, што лепш нам застацца анлайн-сябрамі. Здаецца, ён не захацеў гэтага пачуць.
Праз некаторы час ён без папярэджання прыляцеў у Мінск і стаў пільнаваць мяне каля дома — па фатаграфіях у сацсетках вылічыў, дзе я жыву. Я спытала, навошта ён гэта зрабіў, калі я дакладна дала зразумець, што не хачу з ім сустракацца — ён пачаў нешта расказваць пра рамантыку раптоўнага прыезду.
Ён два тыдні мяне чакаў каля пад'езда. Перад тым, як пайсці на працу, я адпраўляла сястру паглядзець, ці ёсць ён у двары. Некалькі дзён нават прыйшлося ўзяць за свой кошт. Мне было сапраўды вельмі страшна з-за таго, што чалавек ігнаруе мае пачуцці і жаданні, а робіць тое, што сам лічыць патрэбным. Праз два тыдні ён нарэшце паляцеў дамоў. А я яшчэ, мусіць, пару месяцаў нервавалася, калі выходзіла з пад'езда.
Максім: «Імкнуся зрабіць так, каб жанчына сама захацела не сустракацца са мной яшчэ раз»
— Шчыра кажучы, мне заўсёды складана казаць, што чалавек мне не спадабаўся. Асабліва ў тых выпадках, калі бачна, што жанчына вельмі старалася ўразіць. Я вельмі баюся кагосьці пакрыўдзіць.
Таму імкнуся зрабіць так, каб яна сама захацела не сустракацца са мной яшчэ раз. Звычайна дзейнічаю па натхненні. Магу пачаць расказваць пра былую — вельмі шмат, каб у дзяўчыны склалася ўражанне, што маё сэрца яшчэ не свабоднае. Магу схлусіць, быццам у мяне ёсць жонка і дзеці. Магу расказваць пошлыя гісторыі ці пачаць рыгаць за сталом. Мусіць, дарма я не паступаў у тэатральны. Мне падабаецца іграць розныя ролі.
На жаль, гэта працуе не заўсёды. Часам дзяўчаты працягваюць пісаць. Тады я стараюся адказваць як мага павольней — спачатку дні праз тры, потым праз тыдзень.
Не разумею, як можна некалькі месяцаў пісаць чалавеку, які да цябе так ставіцца. Для мяне відавочна: калі няма ўзаемнай цікавасці, дык няма чаго і навязвацца. Мая парада дзяўчатам: калі хлопец не адказвае вам днямі, забудзьцеся пра яго.
Хаця ў маёй стратэгіі бываюць і праколы. Напрыклад, аднойчы мне вельмі спадабалася дзяўчына, і я паспрабаваў запрасіць яе на спатканне. Яна спачатку пагадзілася, а ў апошні момант адмовілася. Потым я праз агульных сяброў даведаўся, што іншая дзяўчына, з якой я хадзіў на спатканне, маляўніча расказала ёй пра нашу няўдалую сустрэчу.
Дар’я: «Разам з псіхатэрапеўткай шукаю варыянты, як тактоўна пагаварыць з чалавекам»
— Я заўсёды імкнуся быць шчырай. Калі мне цяжка сказаць чалавеку, што другога спаткання ў нас не будзе, я абмяркоўваю гэтую сітуацыю са сваё псіхатэрапеўткай. Разам з ёй шукаю варыянты, як тактоўна пагаварыць з чалавекам.
Калі мы з ім бачымся (напрыклад, аднойчы я няўдала схадзіла на спатканне з калегам), я імкнуся растлумачыць сітуацыю ў асабістай гутарцы. У іншых выпадках пішу бясконца доўгае паведамленне недзе ў сацыяльных сетках.
Звычайна гэта заканчваецца нармальна. З адным хлопцам мы нават сталі сябрамі, хоць спатканне ў нас было на тройку.
Але вось літаральна нядаўна адбылася вельмі дзіўная сітуацыя, якая мяне напалохала. Я схадзіла на вячэру з маладым чалавекам, з якім мы раней часта перасякаліся ў адной кампаніі. Вечар быў нармальным, але я зразумела, што як патэнцыяльны партнёр ён мяне не цікавіць. Я напісала яму аб тым, што думаю.
А праз некалькі тыдняў ён піша мне: «Спускайся, у мяне для цябе сюрпрыз». Было ўжо 22:15. Я стомленая, нічога не хачу — толькі залезці пад коўдру і заснуць пад серыял.
Ветліва адказала, што ўжо збіраюся класціся спаць, мне заўтра рана ўставаць. Ён пачаў папракаць мяне ў тым, што я не спантанная. Потым прызнаўся, што хоча пакатаць мяне на машыне па начным горадзе. Але я гэтага не хачу!
Хлопец пісаў, тэлефанаваў… А 2-й гадзіне ночы ён пачаў гарлапаніць песні ў мяне пад вокнамі. А ў мяне пяціпавярховік, чуваць усё добра… Я з жахам думала, як буду заўтра глядзець у вочы суседзям. Супакоіўся ён толькі каля 4-й гадзіны раніцы.
Потым я праз сяброў паспрабавала даведацца, чаму ён так дзіўна сябе паводзіў, калі я адразу шчыра сказала, што нічога ў нас не будзе. Высветлілася, што ён быў упэўнены: жаночае «не» значыць «так». І планаваў мяне заваяваць вось такой «рамантыкай». Быў вельмі пакрыўджаны, што я не ацаніла, таму што ён ні для адной дзяўчыны так не стараўся. Дурдом нейкі.
Чытайце таксама:
Падчас цяжарнасці закахалася ў сябра мужа: мінская блогерка падзялілася болем