«Расія разам з Беларуссю рыхтуюцца да ўжывання ядзернай зброі і бліцкрыгу на Вільню […], беларускія генералы са сваімі калегамі з Масквы малююць стрэлкі на картах у бок Вільні», — заявы, зробленыя Валерыем Сахашчыкам, усхвалявалі людзей і нават прымусілі Лукашэнку апраўдвацца. 

Журналісты раскручвалі Сахашчыка на хоць нейкія намёкі пра крыніцы гэтай інфармацыі. Сахашчык у каментарыі «Белсату» не расказаў, адкуль усё гэта ведае, але запэўніў, што планы «абсалютна рэальныя».

«Мая каманда сістэмна займаецца зборам, аналізам і абагульненнем інфармацыі аб тым, што адбываецца ў Беларусі і вакол Беларусі. Мы маем дастатковую колькасці крыніц інфармацыі, канечне, я не буду іх называць […]», — сказаў Сахашчык. 

Пазней ён дадаў, што ўскосна пра гэта сведчаць і падрыхтоўка беларускіх вайскоўцаў у той форме, у якой яе нібыта не было ніколі за часы існавання незалежнай Беларусі, а таксама тое, што ў Беларусі рамантуюць масты на дарогах у бок Літвы.

Але вельмі падобна, што адна з крыніц інфармацыі Сахашчыка — канспіралагічны тэлеграм-канал «Беларуская выведка» на 5000 падпісчыкаў.

Так, роўна за месяц да заявы Сахашчыка гэты канал у дэталях паведамляў пра «стратэгічнае планаванне» генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі аперацыі па блакаванні Вільні. Менавіта гэта ў сакавіку Сахашчык амаль даслоўна пераказваў пад выглядам інсайда. 

Так, паводле канала, «Вільня павінна быць аточаная ўдарамі на Паўднёва-Заходнім і Паўночна-Заходнім кірунках ахопам сіламі 103-й і 5-й мабільнай брыгады ССА, 120-я брыгада часткова высоўваецца ў якасці рэзерву. […] Войскі не пойдуць масіраванымі бронекалонамі, а толькі малымі мабільнымі групамі з шырокім выкарыстаннем дыверсійна-разведвальнай тактыкі, з улікам рэльефу і маскіровачных магчымасцяў мясцовасці. У аперацыі задзейнічаны поўны спектр часцей радоў войскаў УС РБ. Агнявая падтрымка ажыццяўляецца зводнымі цяжкімі і рэактыўнымі артылерыйскімі брыгадамі і зводнымі падраздзяленнямі ТР (абрэвіятурай ТР звычайна скарачаецца «танкавая рота», аўтар канала, як становіцца ясна далей па тэксце, выкарыстовае ТР у неўласцівым абазначэнні аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу — «НН»). Асобная батарэя ТР займае пазіцыі ў непасрэднай блізкасці да цэнтра горада і разварочвае ТР са спецчасцю. Па сутнасці Вільня бярэцца ў закладнікі і становіцца аб'ектам ядзернага шантажу (разглядаюцца пазіцыі ў рысе горада ў густанаселеных кварталах)». 

Некаторыя адрозненні, праўда, ёсць.

Так, тое, што з вуснаў Сахашчыка прагучала як «малююць стрэлкі на картах у бок Вільні», у тг-канале выказана словамі «гэта кладзецца на карты Генштаба», а тое, што Сахашчык выказаў як «у Беларусі рамантуюць масты да Літвы», у арыгінале напісана як «Беларусь цягам 22—23 гадоў цалкам адрамантавала некаторыя масты на асноўных дарогах, якія вядуць да пагранпераходаў».

Рамонты мастоў цераз Нёман, дарэчы, не з'яўляюцца таямніцай. Гэтаксама іх рамантуюць і цераз Сож з Беразіной, і цераз Дняпро з Прыпяццю. Пра гэта паведамляецца загадзя, а раёнкі за 30 год напісалі тамы справаздач пра рамонты дарог і мастоў.

Ёсць і іншыя прыклады.

Так, у размове з тым жа «Белсатам» 7 красавіка 2023 года Сахашчык спаслаўся на інфарматараў са спецслужбаў: «Вядома, што КДБ даўно распрацаваў план правакацыі на заходняй і паўднёвай мяжы, напрыклад, у сувязі з вясновым наступленнем УСУ або з правядзеннем саміту НАТА ў Вільні 11—12 ліпеня», — сказаў ён. 

У канспіралагічным канале «Беларуская выведка» за суткі да гэтага выйшаў допіс наступнага зместу: 

«Хочам тэрмінова паінфармаваць нашых заходніх калег. Нам паступіла інфармацыя, што комплекс «прыгатавання» КДБ у Гродзенскай вобласці, пра якія мы пісалі цягам 6 месяцаў, нейкім чынам звязаны з правядзеннем саміта НАТА ў Вільні. Нашы крыніцы пацвярджаюць, што гэта было адной з тэм абмеркавання дырэктара СЗР РФ і Лукашэнкі ў Мінску. […] Пакуль мы адзначаем актыўнасць узаемадзеяння АСАМ, які кантралюецца Віктарам Лукашэнкам, і КДБ».

Аналагічныя супадзенні былі і ў іншых выпадках пры выступах Сахашчыка: пра ўступленне Беларусі ў вайну, пра закрыццё межаў для вайсковаабавязаных. 

Хто вядзе канал «Беларуская выведка», дакладна невядома. Аўтар(ы) выдаюць сябе за супрацоўнікаў лукашэнкаўскіх спецслужбаў. У апісанні гаворыцца наступнае: «Звесткі з разраду «Абсалютна сакрэтна», з глыбінь самых закрытых кабінетаў розных спецслужбаў». 

Раней канал называўся «Генерал КДБ». Гэта відавочная сугучнасць з «Генералам СВР» расійскага канспіролага Валерыя Салаўя, які сцвярджае, што Пуцін нежывы і ягонае цела ляжыць у маразілцы.

Змест беларускага «Генерала КДБ» блізкі да расійскага «Генерала СВР», а месцамі яго і пераплёўвае.

Так, канал генераваў версіі пра тое, што супрацоўніка КДБ «Нірвану» застрэліў не айцішнік Зельцар, а іншыя кэдэбісты; што Сергеенку, Алейніка і іншых чыноўнікаў «дэзактывуюць» падчас замежных візітаў у машынах і офісах; што Лукашэнка дарыў Азаронку кувалду як «намёк здрадніку» за няўзгоднены ўдзел у праграмах Салаўёва; што Таджыкістан мяняў старую савецкую зброю з Афганістана на сучасную беларускую, каб потым ёй узброілі мігрантаў, якія штурмуюць еўрапейскія граніцы; што Лукашэнку атруціў Пуцін; што з Расіі ў рэзідэнцыю Лукашэнкі ў якасці сігналу прылятаў вайсковы дрон, які развярнуўся і паляцеў назад і многае-многае іншае.

Амаль нічога з таго, што ўпэўнена прадракаў канал (шматразовае ўступленне Беларусі ў вайну, фарміраванне Саюзнай арміі, пачатак вайны з Украінай праз атаку афганцаў з таджыкскімі аўтаматамі на ўкраінскіх пагранічнікаў з беларускай тэрыторыі), вядома ж, не спраўдзілася.

У паведамленнях «Беларускай выведкі» дзіўным чынам пераплятаюцца пераказ навінаў СМІ, архіўныя звесткі, выдуманыя літаратурныя апісанні самых інтымных сустрэч кіраўнікоў дзяржаў і ведамстваў, смелыя фантазіі на тэму шпіёнаў і асабістага жыцця чыноўнікаў. У літаратуры такі жанр называюць «альтэрнатыўнай гісторыяй».

І што забаўна, не толькі Сахашчык стаў ахвярай. Нічым не пацверджаную інфармацыю пра тое, што ў Лукашэнкі інфекцыйна-алергічны міякардыт, летась згенераваў менавіта канал «Беларуская выведка». Пасля чаго праз некалькі дзён гэта пад выглядам інсайду агучыў Павел Латушка.

Гэта дае падставы думаць, што аўтар канала мае выхады на атачэнне Сахашчыка і Латушкі ці ў гэтае атачэнне ўваходзіць.

Вось яшчэ адзін прыклад. 

«Лукашэнка і яго сям'я прышчэпленыя вакцынай Pfizer-BioNTech. Для гэтага была праведзена спецаперацыя па дастаўцы невялікай колькасці доз Pfizer на тэрыторыю РБ. Закупка і дастаўка вакцыны ажыццяўлялася спецыяльнай групай супрацоўнікаў СБП з выкарыстаннем замежнай агентуры і супрацоўніка аднаго з пасольстваў. … Перавозка ажыццяўлялася легкавым аўтамабілем з дыпламатычнымі нумарамі МЗС РБ пераносным кантэйнерам у адпаведнасці з тэмпературным рэжымам з тэрыторыі еўрапейскай дзяржавы. Вакцынацыя ажыццяўлялася ў асабістым медыцынскім блоку рэзідэнцыі ў рэжыме найстражэйшай сакрэтнасці», — тг-канал «Генерал КДБ», 19 кастрычніка 2021 года. 

«Па тых сведчаннях, якія трапляюць у каманду НАУ, узурпатар у чарговы раз падмануў беларусаў. Аказваецца, была праведзена спецаперацыя службы бяспекі Лукашэнкі, пры ўдзеле агентаў замежнай разведкі Беларусі, пад дыпламатычным прыкрыццём, па закупцы вакцын Pfizer […]», — Павел Латушка, 26 кастрычніка 2021 года. 

Можна разважаць на тэму таго, якія мэты пераследуюць аўтары канала: самавыяўленне праз фантастычную літаратуру, спецыфічны ўплыў на палітычныя працэсы або дэзынфармацыя чытачоў аб працэсах у Беларусі. Але гэта ўсё малазначна. Нашмат важнейнае пытанне: што вымушае палітыкаў дыскрэдытаваць сябе, пераказваючы гэтыя канспіралагічныя легенды?

Чытайце таксама:

«У Беларусі рамантуюць масты да Літвы, якія не выкарыстоўваюцца ў гаспадарчых мэтах». Сахашчык патлумачыў свае алармісцкія заявы

«Трэба спытаць у Сахашчыка, адкуль ён валодае такой інфармацыяй». Эксперт пра рэзанансную заяву прадстаўніка АПК

Лукашэнка адказаў Сахашчыку: Поўная дурасць

Улады Расіі і Беларусі рыхтуюць выкарыстанне ядзернай зброі і «бліцкрыг на Вільню» — Сахашчык

Клас
18
Панылы сорам
57
Ха-ха
38
Ого
12
Сумна
9
Абуральна
18