Рауль Кастра вырашыў пакінуць пасаду першага сакратара ЦК кіруючай Камуністычнай партыі Кубы. Пра гэта паведамляе цэнтральны друкаваны орган кубінскай Кампартыі газета Granma.
«Генерал арміі сказаў, што з задавальненнем перадае кіраўніцтва краінай групе падрыхтаваных лідараў, загартаваных дзесяцігоддзямі вопыту <…>, прыхільных рэвалюцыі», — гаворыцца ў тэксце публікацыі.
Рауль — родны брат Фідэля Кастра, яны разам партызанілі, а пасля звяржэння дыктатуры Батысты Рауль займаў другое пасля Фідэля месца ў камуністычным урадзе.
У 2006, пасля шпіталізацыі старэйшага брата, стаў кіраўніком Кубы. З яго прыходам да ўлады ў краіне адбылася некаторая лібералізацыя — легалізавалі прыватны бізнэс, а таксама простым кубінцам дазволілі мець мабільныя тэлефоны, камп'ютары і электрычныя скараваркі.
У 2018 Рауль сышоў з пасады кіраўніка Дзяржсавета краіны, але заставаўся партыйным лідарам.