Фота Дзмітрыя Брушко

Фота Дзмітрыя Брушко

Мінчукі працягваюць паведамляць пра праблемы з вадой. Адны скардзяцца, што ў кватэры вярнулася смярдзючая вада, іншыя пішуць пра адключанае без папярэджання гарачае і халоднае водазабеспячэнне, піша Tut.by.

Нэлі Іванаўна жыве на вуліцы Прытыцкага, 42. Кажа: 27 і 28 чэрвеня вада была нармальнай, а 29-га і 30-га рэзкі непрыемны пах вярнуўся.

— Чат дома бурліць. Праблема ва ўсіх пад'ездах. Учора ўвечары людзі арганізавалі флэшмоб і ў 21.00 масава спускалі ваду ў кватэрах — з гэтага ўсё роўна нічога не выйшла. Муж учора ўсё ж такі прыняў душ і па ўсёй кватэры разышоўся моцны пах — вельмі пахне ёдам. Многія жыхары дома пакінулі заяўкі на 115, але да гэтага часу сітуацыя не палепшылася. Пакуль выкарыстоўваем для піцця ваду, якую набралі ў папярэднія дні празапас.

Святлана жыве непадалёк, на вуліцы Прытыцкага, 38.

— Вада смярдзіць да гэтага часу, у тым ліку сёння раніцай. На пад'ездах ніводнай аб'явы няма, у 115 проста прымаюць заяўкі, ніякай рэакцыі ні ад ЖЭСа, ні ад водаканала. Дапамажыце разабрацца, калі гэта скончыцца і чаму няма падвозу пітной вады? — абураецца мінчанка.

Уладзіслаў піша, што ў доме на вуліцы Сердзіча, 66 вада таксама працягвае непрыемна пахнуць.

— Згодна з сайтам водаканала, у нас у доме змяшаны водазабор — з ачышчальнай станцыі і з падземнай крыніцы. Суседзі праз пару дамоў ад нас з чыстай вадой ужо тры дні, а ў нас да гэтага часу — калі ўключыць ваду на тры хвіліны, то ў ванну зайсці немагчыма.

У нядзелю мужчына пакідаў заяўку на сайце 115.бел, але праблема з вадой у доме да гэтага часу не вырашана.

«Няма ні гарачай, ні халоднай вады»

Другая катэгорыя скаргаў на 30 чэрвеня — у некаторых дамах знікла вада. Выразных тлумачэнняў з гэтай нагоды людзі не атрымліваюць, аб'явы аб планавых адключэннях на пад'ездах не вісяць.

Таццяна — жыхарка дома па адрасе Кунцаўшчына, 36.

— Ужо тры дні ў доме няма гарачай вады, хоць планавае адключэнне толькі з 6 ліпеня. І вось сёння ў маім 9-м пад'ездзе няма вады наогул, — абураная суразмоўніца. — У некаторых пад'ездах халоднай вады не было і ўчора. Я патэлефанавала ў 115, мне сказалі, што аварыя. Пытаюся, што за аварыя такая, з якой тры дні не могуць справіцца. Ніхто не ведае, ніхто не ў курсе, з ЖЭС нармальна звязацца нельга. Цыстэрны з пітной вадой паблізу да гэтага часу няма.

Дзяўчына дадае, што калі без гарачай вады пражыць прасцей, то халодная патрэбна заўсёды.

— Гэта колькі трэба наносіць вады дадому з крамы? Бо яна патрэбна не толькі для пітных, але і для многіх гаспадарчых патрэб.

Раніцай аб адсутнасці вады ў дамах таксама паведамлялі жыхары дамоў на вуліцы Лабанка, 71, Шаранговіча, 59-2, а таксама мікрараёна Малінаўка-7.

Што кажуць у «Мінскводаканале»

У «Мінскводаканале» TUT.BY тлумачаць, што звароты па якасці вады ўжо не масавыя. Па ўказаных адрасах адключэнне вады прадпрыемства не праводзіла, а значыць, што за падрабязнасцямі варта тэлефанаваць у ЖЭСы або ў службу 115.

Са скаргамі на якасць вады можна звяртацца не толькі ў службу 115, але і ў дыспетчарскую службу водаканала па тэлефоне 8 017 389-42-68. Адрасы дамоў, дзе вада з крана працягвае непрыемна пахнуць, можна пакідаць таксама на старонцы прадпрыемства на фэйсбуку. З прэтэнзіямі працуюць кропкава, спецыялісты робяць адбор пробаў па канкрэтных дамах і вуліцах.

Падвоз пітной вады па некаторых адрасах арганізуюць і сёння, за гэтым трэба сачыць на сайце «Мінскводаканала». Проста цяпер адна пітная цыстэрна знаходзіцца на вуліцы Берута.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?