Ліга, якая робіць выгляд, што ўсё ў парадку. Сёння пачынаецца чэмпіянат Беларусі па футболе

Аўтар: Піліп Каваленка

У студзені міністр спорту Сяргей Кавальчук ацаніў узровень айчыннага футбола двума словамі: бардак і балота — ды запатрабаваў неадкладных рэформ. Месэдж быў успрыняты па-свойму: у лізе з'явілася столь заробкаў, ліміт на маладых гульцоў, а таксама забарона на замежныя зборы (але не для ўсіх).

Ва ўсім астатнім ствараецца адчуванне, што ўсё ў парадку — не зважаючы на байкот фанатаў, фінансавае становішча асобных каманд і каранавірус, які летась то спрыяў, то перашкаджаў (у залежнасці ад патрэб сітуацыі).

Фанат «Шахцёра» ў масцы святкуе чэмпіёнства сваёй каманды. Фота ФК «Шахцёр».

Можна сказаць адназначна: заўзятараў чакае цікавы ў сваёй непрадказальнасці чэмпіянат, і да яго канца могуць дайсці не ўсе каманды.

Праблемныя навічкі

У апошнія гады лёс ніжэйшай часткі табліцы вырашаўся не толькі па спартовым прынцыпе — стабільна хаця б адна каманда танула праз адсутнасць грошай. Летась такі лёс напаткаў «Смалявічы», але зімой не стала яшчэ і «Гарадзеі», якая стала ахвярай крызісу мясцовага цукровага камбіната. 

Фота Анатоля Рэдзіна.

Калі стала вядома пра ліквідацыю «цукровых», АБФФ займалася выратаваннем «Спадарожніка». Каманда з Рэчыцы выйграла першую лігу, але ад яе адразу адмовіўся галоўны спонсар — «Рэчыцадрэў». Па чутках, праблему вырашылі пераразмеркаваннем грошай «Белнафтахіма» з «Гомеля» і «Славіі» яшчэ і на трэцюю каманду Гомельшчыны. Наколькі хопіць гэтых грошай і дзе ўзяць яшчэ, пакуль невядома. Некаторых гульцоў рэчычанам пазычыў «Шахцёр».

Вакантнае месца «Гарадзеі» па рэгламенце маглі заняць каманды, якія скончылі першую лігу на месцах з трэцяга па шостае. Федэрацыя забаніла прамоўшн «Крумкачам» (у іх была «бронза»), якія нібыта страцілі на яго права, прайграўшы ў стыкавых матчах. «Арсенал» і «Лакаматыў» адмовіліся, саслаўшыся на сціплы бюджэт, у выніку засталася толькі «Смаргонь».

Так шостая каманда першай лігі з незразумелым фінансаваннем і складам, чыю канкурэнтаздольнасць немагчыма ацаніць, будзе гуляць у вышэйшай лізе ўпершыню з 2009 года. Выглядае, што «Смаргонню» проста затыкаюць дзірку на сезон, а мэта клуба — з гонарам вылецець, калі, канечне, ён не разваліцца да восені.

Фота ФК «Смаргонь».

Фінансавыя праблемы сёлета могуць напаткаць не адзінкавыя каманды, а ахапіць нават чвэрць лігі. Не ўсё стабільна таксама ў «Іслачы» і «Слуцку».

Не больш за $5800

З гэтага сезона ў вышэйшай лігі з'явіліся тры істотныя новаўвядзенні: столь заробкаў, забарона на замежныя зборы і ліміт на маладых футбалістаў.

Першыя дзве меры прыдумалі, каб эканоміць бюджэтныя грошы, а прысутнасць на полі як мінімум аднаго гульца, не старэйшага за 21 год, павінна паспрыяць з'яўленню айчынных вундэркіндаў. 

Да ноу-хау, вядома, ёсць пытанні. Цяпер максімальны заробак у лізе — 15 тысяч рублёў штомесяц (каля $5800), на яго могуць разлічваць гульцы зборнай Беларусі і толькі тры легіянеры на клуб. Галоўны трэнер не можа зарабляць больш за 8 тысяч рублёў.

Дадзеная мера не распаўсюджваецца на прэміяльныя. Гэтым, здаецца, і будуць карыстацца клубы кшталту «Шахцёра» ці «Руха», каб абыходзіць ліміты.

З забаронай на зборы за мяжой таксама выйшла нешта незразумелае — у выніку пяць каманд зляталі да мора: хтосьці скарыстаўся прывілеямі ўласнікаў, а камусьці давялося зборы і выкленчваць. Каму пашанцавала менш, рыхтаваліся на айчыннай сінтэтыцы.

Новая эра БАТЭ

Упушчанае «золата» ў апошнім туры мінулага сезона вельмі дорага каштавала БАТЭ. Клуб застаўся без лідараў і вымушана зацягнуў паясы: калі Бояна Насціча ўдалося прадаць у Польшчу, то Ягор Філіпенка і Ігар Стасевіч сышлі бясплатна ў «Шахцёр».

Стасевіч (№22) і Філіпенка (№21) ужо паспелі пакінуць свой былы клуб без Суперкубка. Фота ФК «Шахцёр».

У «жоўта-сініх» чарговая «новая эра», якая нагадвае крызіс. Правалы ў еўракубках адбіваюцца на бюджэце, а ўпушчанае чэмпіёнства другі год запар дазваляе скептычна пазіраць на клуб футбольным функцыянерам. Спачатку БАТЭ не хацелі дазваляць вылет на замежны збор.

Выцягнуць Барысаў назад на вяршыню будзе спрабаваць былы трэнер «Іслачы» Віталь Жукоўскі і часткова абноўленая каманда, у якую ўліліся як вопытныя, так і маладыя навічкі. Суперкубак новы БАТЭ ўпусціў у серыі пенальці, цяпер пачнецца складанае змаганне за чэмпіянат.

Віталь Жукоўскі. Фота ФК БАТЭ.

Новы гегемон і невядомая сіла мінскага «Дынама»

Падобна, што за «золата» будуць змагацца чатыры каманды. Галоўнымі фаварытамі лічацца «Шахцёр» і сталічнае «Дынама», БАТЭ і «Рух» каціруюць ніжэй, але не спісваюць з рахункаў.

Салігорскі клуб істотна асвяжыў склад і мае шанцы стаць новым футбольным гегемонам. Аднак пытанне: як хутка дзясятак навічкоў уліецца ў склад і якой якасці гэтыя гульцы? Калі ўзровень Філіпенкі і Стасевіча нам добра вядомы, то чаго чакаць ад украінца Дэбэлкі, албанца Ахмедзі ці нігерыйца Эзэ, незразумела.

«Дынама» скамплектавалася добра вядомымі беларускім заўзятарам гульцамі: гэта як гадаванцы, якія вярнуліся з іншых клубаў (Кісляк, Пуціла і Быкаў), гульцы зборнай (Хаткевіч і Навумаў), так і вяршкі з іншых каманд «вышкі» (Сялява, Бакіч, По).

Арцём Быкаў вярнуўся ў родны клуб і рыхтуецца да сезона. Фота ФК «Дынама-Мінск».

Леанід Кучук зладзіў для «Дынама» звыштаемнае міжсезонне, схаваўшы каманду ад усіх. Клуб не публікаваў склад каманды ў спарынгах і не вёў іх жывых трансляцый. Сухія вынікі і рафініраваная інфармацыя не могуць пакуль парадаваць заўзятараў, але тыя спадзяюцца, што гэта ў выніку дасць плён.

Бізнэсмен Аляксандр Зайцаў канчаткова пераключыўся на «Рух», перацягнуўшы туды амаль палову складу брэсцкага «Дынама». Гэтая сумесь з таленавітымі маладымі гульцамі, якіх няблага раскрыў летась Аляксандр Сяднёў, таксама разглядаецца прэтэндэнтам на чэмпіёнства. Але Зайцаў зноў, як і годам раней у «Дынама», пазбавіўся эфектыўнага трэнера. Пытанне: ці дасць рады з «Рухам» Кірыл Альшэўскі, у якога не атрымалася ў БАТЭ?

Дзяніс Лапцеў і Павел Савіцкі перайшлі з аднаго брэсцкага клуба ў другі. Фота ФК «Рух».

Эксперыментальныя каманды

З сыходам Віталя Жукоўскага новы этап распачаўся і ў «Іслачы». Клуб з Мінскага раёна фінансава штарміла год таму, і кіраўніцтва вырашыла сабраць маладую каманду з парачкай дасведчаных «дзядзек» і даверыць яе Арцёму Радзькову. Былы гулец зборнай пачынае сваю самастойную трэнерскую кар'еру, у якой адразу выпала задача з зорачкай.

Эпоха «шэйхаў» скончылася ў брэсцкім «Дынама» і пачаліся суровыя дзяржаўныя будні. Цалкам новая каманда, у якой застаўся толькі галоўны трэнер Сяргей Кавальчук, наўрад ці будзе змагацца за чэмпіёнства, але і аўтсайдарам не стане. Калі, канечне, усё будзе стабільна з фінансамі.

Вадзім Скрыпчанка, які прыйшоў у «Мінск» у жніўні, здзейсніў цуд і выцягнуў аўтсайдара ў сярэдзіну табліцы. Але клуб звольніў трэнера і заняўся незразумелымі справамі. Кіраваць «Мінскам» цяпер будзе расіянін Фёдар Шчэрбачэнка, у бэкграўндзе якога ёсць чатыры гады на чале каманды аэрапорта і падазрэнні ў дамоўных матчах, а таксама былі падпісаныя некалькі дзіўных легіянераў з Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі.

Новыя бразільцы ў Жодзіне і супрэматычны «Віцебск»

Летась бронзавыя медалі заваявала жодзінскае «Тарпеда». Аднымі з творцаў поспеху лічылі бразільцаў Габрыэла Рамаса і Ліпе Велозу, у якіх было 17 галоў і 13 галявых перадач на дваіх.

Але ўтрымаць легіянераў не атрымалася, яны з'ехалі ў Латвію, на іх месца прыехаў новы бразілец Матэус Мантэйра. Больш істотных страт у Жодзіне не было, можна замахнуцца і на новыя вяршыні.

«Тарпеда» адной нагой у паўфінале кубка, а нумары на спінах гульцоў зрабілі сімвалічнага бронзавага колеру. Фота ФК «Тарпеда-БелАЗ».

«Нёману», які да канца змагаўся за п'едэстал і ў выніку стаў пятым, будзе досыць складана паўтарыць такі ж вынік. З Гродна з'ехалі ключавыя легіянеры: Гегам Кадзімян, Зоран Марушыч і Даніэл Стойкавіч, таксама сышоў у «Шахцёр» Павел Забелін. Але варта адзначыць, што на іх месца прыйшлі даволі якасныя гульцы: Зубовіч, Гаўрыловіч, Казлоў, Грыбоўскі і іншыя. За месца «Нёмана» ў сярэдзіне можна не хвалявацца.

З «Віцебска» пасля двух няўдалых сезонаў сышоў Сяргей Ясінскі. Трэнер пайшоў на павышэнне ў моладзевую зборную, а на яго месца прыйшоў яго былы памочнік Яўген Чарнухін. Паўночная каманда змагла падпісаць неблагіх навічкоў кшталту Рассадкіна, Янушкевіча і Лебедзева, а таксама прэзентавала шыкоўную гульнявую форму, у якой знайшлося месца элементам супрэматызму, які нараджаўся ў тым ліку і ў Віцебску.

Новая форма «Віцебска». Фота ФК «Віцебск».

На трыбунах становіцца ціха

Кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў заявіў пра планы павялічыць колькасць гледачоў на трыбунах у паўтара разу. Але планы пакуль не карэлююць з рэчаіснасцю. Бо амаль усе клубы «вышкі» засталіся без актыўнай падтрымкі: фанаты абвясцілі байкот, не пагаджаючыся з бягучай сітуацыяй у краіне. 

Фота Надзеі Бужан.

Магчыма, да канца сезона істотна палепшыцца сітуацыя з каранавірусам і гледачы вернуцца на трыбуны, каб апраўдаць чаканні федэрацыі, але пакуль святла ў канцы тунэля не відаць.

Якія матчы нас чакаюць у першым туры 

12 сакавіка:

  • «Іслач» — «Славія» / 17:30; стадыён ФК «Мінск»

13 сакавіка:

  • «Энергетык-БДУ» — «Смаргонь» / 14:00; Мінск, РЦАР-БДУ
  • «Рух» — «Гомель» / 16:00; Брэст, стадыён «Юнацтва»
  • «Дынама-Мінск» — «Тарпеда-БелАЗ» / 17:45; стадыён ФК «Мінск»
  • «Шахцёр» — «Мінск» / 20:45; Салігорск, стадыён «Шахцёр»

14 сакавіка:

  • «Спадарожнік» — «Дынама-Брэст» / 15:00; Гомель, стадыён СДзЮШАР-8
  • «Нёман» — «Віцебск» / 17:00; Гродна, ЦСК «Нёман» (штучнае поле)
  • БАТЭ — «Слуцк» / 19:00; стадыён ФК «Мінск»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?