Рада БНР у выгнаньні («на экзыле», як старамодна гучыць афіцыйнае найменьне) — інстытут, што для адных авеяны рамантыкай, а ў іншых, перадусім прыхільнікаў сёньняшніх беларускіх уладаў, выклікае непрыхаванае раздражненьне. Самы стары ў сьвеце ўрад на выгнаньні, Рада БНР — галоўная палітычная ўстанова беларускай дыяспары, ахоўнік традыцый той першай спробы пабудаваць самастойную беларускую дзяржаву ў 1918 г. Як вайсковая частка ня лічыцца зьнішчанай, пакуль вораг не захапіў яе баявы штандар, так і ідэі Беларускай народнай рэспублікі працягваюць жыць, пакуль існуе Рада БНР. Нягледзячы на аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў 1991 г., місія Рады БНР так і застаецца нявыкананай. Пра тое, што прынесла Беларусі гэтая ўстанова і як яна працуе, у інтэрвію з адным зь яе актыўных сучасных дзеячоў, Сакратаром інфармацыі Мікалаем Пачкаевым.


Мікалай Пачкаеў

Мікалай Пачкаеў

Алесь Чайчыц: Пачнем зь месца ў кар’ер: адразу папярэджу, што сёньня буду выступаць у ролі «адваката д’ябла» і буду задаваць дурныя і непрыемныя пытаньні. Беларуская Народная Рэспубліка, утварылася ў 1918 г., Рада БНР — яе парлямэнт, які потым апынуўся на эміграцыі і абараняў інтарэсы незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі. Але на сёньняшні дзень, па-першае, Беларусь ужо дваццаць гадоў як незалежная паўнавартасная дзяржава, усімі прызнаная, з амбасадамі, сьцягам і гербам (якія б ні былі), сталіцай, валютай і так далей. Па-другое, у Беларусі ёсьць дастаткова масавая дэмакратычная апазыцыя, якая рэальна змагаецца і можа дасягнуць дэмакратыі ў краіне. Навошта нам Рада БНР у гэтых умовах?

Мікалай Пачкаеў: Сапраўды, Рада БНР мусіла бы, і яна ставіць такую статутную мэту, перадаць свае гістарычныя паўнамоцтвы на карысьць улады ў Беларусі. Менавіта гэта зрабілі ўсе экзыльныя дзяржаўныя ворганы ўсіх пост-камуністычных краінаў, як Польшча, Украіна, краіны Балтыі.

Але тыя перашкоды, якія не дазвалялі ажыцьцявіць гэткую перадачу ў ранейшыя гады, застаюцца і цяпер.

Паводле свайго Статуту Рада БНР павінна спыніць існаваньне і перадаць свой гістарычны мандат на карысьць уладаў Беларусі
пры ўмове, што ў Беларусі паўстане ўлада, якая будзе адпавядаць Прынцыпам 25 сакавіка — прынцыпам дэмакратычнай беларускай нацыянальнай незалежнай дзяржаўнасьці. У Беларусі такой дзяржавы дагэтуль не паўстала. У гэтым яе адрозьненьне ад згаданых пост-камуністычных краінаў.

Можна было спадзявацца, што гэта адбудзецца пасьля 1991 года, але далей адбылося пэўнае, я бы сказаў, перараджэньне характару дзяржавы ў Рэспубліцы Беларусь. Тады Рада БНР не змагла перадаць свае паўнамоцтвы, бо не было дэмакратычна абранага прадстаўнічага воргана. Вярхоўны Савет [12. скліканьня] быў абраны яшчэ ў часы БССР і мы ня можам лічыць яго прадуктам свабодных выбараў. Акрамя гэтага, пры такой уладзе, якой перадала бы паўнамоцтвы Рада БНР, незалежнасьць Беларусі не павінна ўжо быць пад пагрозай, гэта таксама адзін з ключавых прынцыпаў Рады БНР. Пры ўрадзе Кебіча будучыня беларускай незалежнасьці таксама не выглядала адназначна.

АЧ: А ўладам Беларусі пачатка 90-х было гэта цікава атрымаць гэты мандат? Ці ведалі яны ўвогуле, што такая Рада БНР існуе?

МП: Так, [міністар замежных справаў Беларусі ў 1990—1994 гг. Пятро] Краўчанка вёў папярэднія перамовы з тагачасным Старшынём Рады БНР Язэпам Сажычам і гэтае пытаньне кіраўніцтвам Рады разглядалася.

Але, як я казаў, тады не існавала адпаведнага дэмакратычна абранага воргану ўлады і ўжо былі пэўныя сумневы адносна таго, у які бок разьвіваецца сытуацыя ў Беларусі. Кебіч і той жа Краўчанка выступалі за далучэньне Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, г.зн. вайскова-палітычны саюз з Расеяй, ужо ішлі размовы пра прыняцьце расейскай валюты, а ўжо далей, праз невялікі тэрмін, быў зьняты з пасады Шушкевіч і сытуацыя зусім відавочна пайшла ў іншы бок.

АЧ: Акрамя таго, што гэта нейкі сымбалічны дзяржаўны ворган, які працягвае традыцыі той улады, якая была ў Беларусі некалькі месяцаў у 1918 г., якую практычную карысьць прынесла дзейнасьць Рады?

МП: Перадусім, на працягу ўсяго пэрыяда перад аднаўленьнем незалежнасьці Беларусі

Рада БНР выступала голасам дзяржаўных інтарэсаў Беларусі ў стасунках зь міжнароднай супольнасьцю.

АЧ: Але як жа ўрад БССР? Прадстаўнікі Савецкай Беларусі сядзелі ў ААН, таксама яна была прадстаўленая савецкім урадам…

МП: Так, прадстаўніцтва БССР, як складовай часткі іншай дзяржавы, СССР, галасавала ў ААН, але не рэалізоўвала ў гэтым якогась уласнага дзяржаўнага сувэрэнітэту, фактычна не выступала тады ад свайго ўласнага імя, ад імя нацыянальных інтарэсаў уласна Беларусі як незалежнай дзяржавы — як яно мусіла бы інакш выступаць. Такім голасам незалежнай беларускай дзяржаўнасьці ў сьвеце заставалася Рада БНР, і прэзыдэнты БНР выступалі ў такой якасьці ўвесь гэты час.

АЧ: А што яны рабілі? Як гэта выглядала?

МП: Сярод іншага, Рада займалася камунікацыяй з прадстаўнікамі міжнароднай супольнасьці, з урадамі найбольш уплывовых дзяржаваў.

Акрамя таго, Мікола Абрамчык, паваенны Старшыня Рады, быў адным з арганізатараў Руху народаў, якія былі пад камуністычным панаваньнем — кааліцыі урадаў на выгнаньні пад-камуністычных краінаў. Такім чынам ён здабыў вялікі ўплыў у міжнароднай палітыцы праз розныя палітычныя інструмэнты.

Таксама ў той пэрыяд можна згадаць ролю Рады БНР у арганізацыі беларускага Радыё «Вызваленьне», якое потым увайшло ў склад Радыё «Свабода».

АЧ: То бок, нейкі лябізм, пастаноўка пытаньняў…

МП: Калі б мы разглядалі Раду БНР як недзяржаўную арганізацыю, мы б назвалі такі род дзейнасьці «лябізмам», аднак статус Рады БНР адрозніваецца ад статусу недзяржаўнай або гуманітарнай арганізацыі.

Рада БНР ў не-камуністычным сьвеце выказвалася і прадстаўляла інтарэсы Беларусі менавіта як яе нацыянальныя інтарэсы, у якасьці дзяржаўнага воргана Беларусі на выгнаньні, калі не існавала голасу незалежнай Беларусі на міжнароднай арэне. Або ў нашы часы, калі дзяржаўная ўлада, якая дзейнічае ў Беларусі, не зьяўляецца, на думку Рады, у поўнай меры належным увасабленьнем нацыянальнай дзяржаўнасьці, якую Беларусь мусіць мець.

АЧ: Якіх яшчэ вынікаў удалося дасягнуць? «Радыё Свабода» — гэта добра, акрамя гэтага як? Ці атрымалася ў амэрыканцаў, брытанцаў неяк падвысіць вядомасьць Беларусі і яе інтарэсаў?

МП: Перадусім, вынікам працы ўсяе беларускае эміграцыі, і ў вялікай ступені менавіта Рады БНР, ёсьць вядомасьць на Захадзе і ў шырокім сьвеце аб Беларусі як аб адметнай краіне, якая мусіць быць незалежнай. Гэтая праца вялася на працягу ўсяго пасьляваеннага пэрыяду, а нават і пачынаючы з Парыскай мірнай канфэрэнцыі 1919 году і даваеннай Лігі Нацыяў.

Шматгадовая праца Рады БНР прывяла да таго, што палітычная супольнасьць на Захадзе прызнала магчымасьць ператварэньня БССР у незалежную дзяржаву пры распадзе СССР.
Доўгі час гэтая магчымасьць ставілася пад пытаньне ня толькі камуністычнай намэнклятурай у самой БССР, але таксама і шматлікімі дарадчыкамі і ўрадоўцамі, прадстаўнікамі акадэмічных колаў і прэсы на Захадзе.

У рэшце рэшт, калі пачаліся працэсы распаду СССР, Захад ужо быў падрыхтаваны да таго, што Беларусь магла і мусіла стаць незалежнай.

Беларускія палітыкі і ўрадоўцы, якія пачалі кантактаваць з сваімі партнэрамі на Захадзе, адразу спаткаліся з гэтым разуменьнем, наўрад ці ўсьведамляючы маштаб і працягласьць працы, якую на Захадзе правяла эміграцыя.

Акрамя гэтага, напрыклад,

пасьля Чарнобыля сябры Рады БНР шмат зрабілі для мабілізацыі дапамогі для Беларусі ў заходніх краінах, ад заходніх урадавых, няўрадавых, гуманітарных арганізацыяў.
Рада прыцягвала ўвагу ў прэсе заходніх краінаў да той бяды беларускага народа.

АЧ: Ці было нейкае натхненьне руху за незалежнасьць у Беларусі, Беларускаму народнаму фронту і што было перад ім, з боку Рады БНР? Ці было нейкае ўзаемадзеяньне з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі?

МП: Калі казаць пра 80-я гады, такія кантакты, калі былі, маглі адбывацца выключна падпольным чынам.

Паводле саміх заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту і беларускага нацыянальнага незалежніцкага руху ў БССР увогуле, Рада БНР была менавіта натхненьнем.

Ідэя таго, што ў Беларусі існавала некамуністычная, несавецкая дзяржаўнасьць, дэмакратычная і нацыянальная, была натхненьнем,
але магчымасьці для рэальных кантактаў яшчэ не было.

Пры першай магчымасьці гэтыя кантакты былі навязаныя і яны застаюцца вельмі шчыльнымі да гэтага часу. Рада БНР мае добрыя адносіны з шэрагам найбольш уплывовых прадэмакратычнымх нацыянальных арганізацыяў і дзеячоў нацыянальнага, незалежніцкага кірунку ў Беларусі і канешне зацікаўлена і вітае пашырэньне гэткіх кантактаў. Гэта тыя людзі, што змагаюцца за рэалізацыю ідэалаў БНР у Беларусі.

АЧ: Чытачы пытаюцца, я амаль літаральна перадаю, «да якой масонскай ложы належаце?»

МП: (іранічна) Думаю, гэтае пытаньне адлюстроўвае гістарычныя рэаліі часоў братоў Луцкевічаў 90- ці 100-гадовай даўніны. Магу сказаць шчыра, што мне не вядома сярод сяброў усяе Рады ніводнага дэкляраванага сябра масонскай ложы. Больш за тое, што тычыцца кіраўніцтва Рады, магу сказаць, што масонаў сярод іх няма — зь вялікай упэўненасьцю, што будучыя гісторыкі мяне не абвергнуць.

АЧ: Ясна. А калі гаварыць больш сур’ёзна на кансьпіралягічную тэму — якія дачыненьні мела Рада БНР з Пэнтагонам, CIA [Цэнтральная выведчая агенцыя ЗША, у расейскім скароце ЦРУ] і іншымі замежнымі выведкамі? Ці было так, што Рада БНР рыхтавалася «заходнімі імпэрыялістамі» як будучы марыянэткавы ўрад для акупаванай Беларусі, калі пачнецца вайна з СССР?

МП: Я б сказаў, што наконт дачыненьняў Рады БНР і замежных выведчых установаў існуюць перабольшаныя ўяўленьні, вынік прапаганды савецкага часу.

Галоўны пунк тут заўды быў наступны: у любых падобных кантактах Рада БНР у 40-я — 50-я гады натуральна разглядала дзейнасьць для аднаўленьня Беларусі як незалежнай краіны не як штосьці, што цікава найбольш Пэнтагону, а як штосьці, што ёсьць у інтарэсах перадусім самой Беларусі.

У тыя найцямнейшыя часы сталінізму

Рада БНР заўсёды шукала любых магчымасьцяў праз стасункі зь любымі інстытуцыямі дэмакратычных краінаў, прыязных ідэі незалежнай Беларусі, паспрыяць справе здабыцьця беларускай незалежнасьці.
ЗША, Вялікабрытанія, НАТО аказаліся натуральнымі хаўрусьнікамі ў барацьбе за Беларусь, незалежную ад Крамля.

У якасьці трагічнага прыклада можам прывесьці Янку Філістовіча, які пагадзўся высадзіцца дэсантам у Беларусі, каб зьбіраць выведчую інфармацыю аб савецкіх ваенных аб’ектах для ЗША. Гэткая была цана за магчымасьць вяртаньня для дзейнасьці ў Беларусі. Філістовіч быў перакананым незалежнікам і сам казаў, што яго галоўная роля ў дэсантаваньні на падсавецкую Беларусь — вывучэньне і, магчыма, арганізацыя ўзброенай барацьбы за незалежнасьць Беларусі, падрыхтоўка абараняць беларускія нацыянальныя інтарэсы ў разе чаканай тады вайны СССР з Захадам. Менавіта дзеля гэтага ён і іншыя паляцелі на Беларусь з мандатамі эмісараў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, а ня проста з шпіёнскім рыштункам ад CIA.

Гэтаксама і роля дзеячоў Рады БНР у стварэньні тагачаснага Радыё «Вызваленьне», якое сапрады знаходзілася пад патранатам CIA, для Рады дыктавалася інтарэсамі справы незалежнасьці Беларусі.

Калі інтарэсы адваяваньня незалежнасьці Беларусі натуральна супадалі з інтарэсамі напрыклад ЗША, а не савецкіх вайсковых аб’ектаў на беларускай зямлі, то Рада БНР проста прыймала гэта як палітычны факт.
Як магчымасьць для беларускай справы, якую можна было занядбаць ці выкарыстоўваць.

Тут трэба дадаць толькі тое, што Філістовіч і іншыя парашутысты-эмісары БНР былі канешне сьвядомыя дабраахвотнікі і ваяры, але гледзячы рэтраспэктыўна — ролю пэўных сяброў тагачаснай Рады ў вярбоўцы тых хлопцаў для відавочна самагубчых апэрацыяў сёньня я маральна апраўдваць не вазьмуся.

АЧ: Як выглядалі дачыненьні Рады БНР і фашыстоўскіх акупантаў Беларусі? Вядома, што калі ўсталявалася нямецкая акупацыя ў час Другой Сусьвентай і на тэрыторыі заходняй часткі краіны была створана генэральная акруга Беларусь, мясцовыя дзеячы арганізаваліся пад бел-чырвона-белым сьцягам, называлі сябе пасьлядоўнікамі ідэяў Беларускай народнай рэспублікі, сьвяткавалі 25 сакавіка. Што можаце сказаць на гэты конт?

МП: Сапраўды, у дэклярацыях Другога ўсебеларускага кангрэса, які быў сабраны пад нацысцкай акупацыяй у 1944 годзе, ёсьць спасылкі на Першы кангрэс і абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. Але

беларускія ўстановы пад акупацыяй былі створаны без ніякага палітычнага ўдзелу ці сувязі з кіраўніцтвам Рады БНР у Празе.

Гэта толькі паказвае на тое, што

сама ідэя БНР як беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці была ўнівэрсальным, не палітычным, а менавіта нацыянальным сымбалем, які падзяляўся беларускімі нацыянальнымі дзеячамі амаль што любой палітычнай арыентацыі. Таксама, як ніколі не было ні ў каго ніякага іншага беларускага нацыянальнага сьцягу, акрамя бел-чырвона-белага.

Беларусы, якія не жадалі будучыні Беларусі ў сталінскім СССР, незалежна ад стаўленьня да немцаў уважалі 25 сакавіка проста за сваё нацыянальнае сьвята. Гэта таксама былі і прадстаўнікі Беларускай незалежніцкай партыі, якія вялі адначасова падпольную антынямецкую нацыянальную дзейнасьць, і тыя нацыянальна сьвядомыя беларусы, якія ўжо ваявалі супраць Гітлера ў польскім войску Андэрса пад брытанскай камандай.

Сама

ідэя БНР была заўжды па-над палітыкай партый і груповак.
Гэтак і Рада БНР ня ёсьць адной з палітычных арганізацый, а хутчэй канстытуцыйнай, дзяржаватворчай структурай.

Урэшце трэба падкрэсьліць і наступны галоўны пункт: нягледзячы на свае імаверныя ілюзіі да 1939 году аб будучай ролі ІІІ Райху для Беларусі, тагачасны старшыня Рады БНР Васіль Захарка адмовіўся ад супрацоўніцтва зь нямецкімі ўладамі, хаця яно яму было прапанаванае. Ён рызыкаваў, бо знаходзіўся ў Празе, пад акупацыяй, і фактычна быў у руках Гестапа — аднак ад палітычных кантактаў з нацыстамі адмовіўся.

Таксама і наступны старшыня Мікола Абрамчык, пасьля пераняцьця паўнамоцтваў, ніколі ніяк не дэкляраваў ляяльнасьці ад імя Рады БНР да нацысцкіх уладаў і не навязваў ад Рады з імі дачыненьняў.

Пасьля 45-га года адбыўся падзел беларускай эміграцыі на пасьлядоўнікаў БНР і БЦР. Гэты падзел быў у вялікай ступені на грунце таго, ці магла быць БЦР, сфармаваная пад нацысцкай акупацыяй, з элемэнтамі асабістай фюрэрскай улады Радаслава Астроўскага, нейкім належным увасабленьнем, працягам ідэалаў дзяржаўнасьці 25 сакавіка. Рада БНР ужо ў 46-м годзе, на першай сваёй паваеннай сэсіі, вельмі яскрава сьцьвердзіла, што не.

Можна сказаць, што Рада БНР пасьля вайны аднавіла сваю дзейнасьць у такім маштабе таксама з прычыны таго, што беларускай супольнасьці вольнага сьвету патрабавалася сцьвердзіць прынцыпы менавіта нацыянальнай дэмакратычнай незалежнай беларускай дзяржаўнасьці — без плямаў сувязі з акупацыяй.

На грунце гэтай ідэі, вакол Рады БНР таго часу аб’ядналіся як тыя, хто заўсёды ваяваў на баку антыгітлераўскай кааліцыі (Рыдлеўскі, Жук-Грышкевіч), так і многія, хто раней працаваў у нейкіх беларускіх ўстановах пад акупацыяй, у тым ліку шэраг удзельнікаў Другога ўсебеларускага кангрэсу.

Дзеля гэтага

ў Радзе БНР мы маем тую дзяржаўную інстытуцыю, якая ніколі не была заангажавана зь нейкімі ўладамі, якія б дзейнічалі на шкоду Беларусі.

АЧ: І нават з кайзэрам у 1918 г.?

МП: Дачыненьні з кайзэраўскім урадам былі складанымі. Рэч у тым, што кайзэраўская Нямеччына не знаходзілася ў стане вайны зь Беларусьсю або Ўкраінай, Літвой ці Польшчай. Украінскую Народную Рэспубліку і Літву кайзэраўская Нямеччына па-просту прызнала, абараняла іх інтарэсы на Берасьцейскіх перамовах.

Беларуская Народная Рэспубліка, створаная бяз сувязі з якімісьці акупантамі, дамагалася прызнаньня ад кайзэраўскай Нямеччыны, якая фактычна кантралявала тэрыторыю Беларусі.

Спачатку установы БНР былі выкінутыя немцамі са свайго будынку, канфіскавана каса бягучага бюджэту БНР. Потым Рада БНР і яе ўрады атрымалі толькі частковыя паўнамоцтвы, у галіне гаспадаркі, адукацыі, бо кайзэраўскі ўрад выконваў умовы міру з Савецкай Расеяй.

У кожным разе, калі мы кажам пра славутую тэлеграму БНР кайзэру аб будучых дачыненьнях зь Нямеччынай, дык аналягічная ж тэлеграма была пасланая аўстра-вугорскаму імпэратарскаму ўраду. Пры першай магчымасьці камунікацыі са сьветам па-за зонай нямецкай акупацыяй Рада БНР прыняла меры па ўсталяваньню дачыненьняў з урадамі іншых заходніх дзяржаў — Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі і гэтак далей.

Ад некалькіх краінаў атрымала прызнаньне дэ-юрэ, ад некаторых дэ-факто.

Рада БНР шукала ўсялякіх палітычных магчымасьцяў для міжнароднага забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі ў тых умовах, так, як рабілі ў аналягічным становішчы іншыя новыя дзяржавы.

АЧ: І з бальшавікамі таксама камунікавалі?

МП: Так, кантакты з бальшавікамі былі.
У пэўны момант, калі бальшавікі цярпелі паразы ад Польшчы, яны камунікавалі з прадстаўніком Рады БНР, найперш у Таліне. Адбыліся перамовы з Чычэрыным. Рада БНР прадставіла бальшавікам афіцыйную ноту, дзе яна патрабавала афіцыйнага прызнаньня з боку Расеі і прыняцьця Расеяй абавязкаў па вывадзе сваіх войскаў з беларускай тэрыторыі. Аднак перш чым Чычэрын адказаў на тую ноту, сытуацыя на фронце зьмянілася, Чырвоная Армія пайшла ў наступ, і адказу на сваю ноту Рада БНР ніколі і не атрымала.

АЧ: Чым займаецца Рада БНР у сёньняшні час? У прэсе пэрыядычна зьяўляюцца звароты ад Івонкі Сурвіллы. Кантакты і ўплыў на палітыку замежных ўрадаў працягваюцца, як я разумею, і зараз?

МП: Пастановы Рады, заявы Старшыні Рады БНР, адрасаваны беларускай і міжнароджнай супольнасьці і афіцыйна сцьвярджаюць тое, як пэўныя пытаньні маюць выглядаць з пункту гледжаньня мэтаў аднаўленьня прынцыпаў 25 Сакавіка ў Беларусі, інстытуцыянальным прадстаўніком і голасам якіх пакуль застаецца Рада.

У сваіх кантактах з замежнымі ўрадамі прадстаўнікі БНР заўсёды падкрэсьліваюць неабходнасьць інструмэнтаў падтрымкі ня толькі, напрыклад, незалежных СМІ, палітычнай і грамадзянскай супольнасьці, але і важнасьці мер шырокай гуманітарнай падтрымкі сем’яў, сваякоў і дзяцей тых, хто пацярпеў ад палітычнага перасьледу. Пры адпаведных нагодах, Рада спрыяе прыцягненьню падтрымкі на карысьць беларускай культуры. У падобных пытаньнях Рада БНР, ніяк не карыстаючыся з такой падтрымкі ўласна, можа ў стасунках з замежнымі ўстановамі дамагацца на карысьць беларускай грамадзянскай супольнасьці чагосьці, чаго прадстаўнікі палітычнай супольнасьці з самой Беларусі, як непасрэдна зацікаўлены бок, могуць быць самі не ў становішчы запытваць.

Можна таксама сказаць аб ролі кіраўніцтва Рады ў арганізацыі заходніх стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў, што страцілі свае месцы ў ВНУ праз палітычны перасьлед. Старшыня Рады спн. Івонка Сурвілла заўсёды ўзьнімае такія пытаньні на сустрэчах з урадоўцамі заходніх краінаў.

Сапраўды, ва ўсіх гэтых справах дзейнічаюць і палітычныя і іншыя недзяржаўныя арганізацыі. Але

ўнікальнасьць Рады БНР менавіта ў тым, што яна можа прамаўляць з замежнымі ўрадоўцамі на той мове, якая ім найлепш зразумелая — на мове дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў Беларусі, якія мусіла бы агучваць, але не агучвае, улада ў Менску.
У такой ролі ніводная недзяржаўная арганізацыя, палітычная партыя, рух, або групоўка арганізацый выступаць ня можа.

АЧ: Ці да вас прыслухоўваюцца?

МП: Нас слухаюць, да нас прыслухоўваюцца.

Зь некаторых рашэньняў ўрадаў, напрыклад, Чэхіі, Эстоніі, ЗША, Канады, і іншых краінаў, пэўных рашэньняў Эўрапэйскага парлямэнта, мы можам зрабіць выснову, што пазыцыі, якія прэзэнтавала Рада БНР, вельмі імаверна сталіся важным чыньнікам, які паўплываў на ўласныя рашэньні гэтых урадаў па беларускіх пытаньнях.

Зрэшты з досьведу можна зрабіць і выснову, што найбольшай увагаю і вагою ў палітычным сьвеце заўжды карыстаюцца тыя супольныя палітычныя пазыцыі, якія мы здольны прадстаўляць міжнароднай супольнасьці як вынік кансэнсусу паміж Радай БНР і найшырэйшым спэктрам палітычных сілаў у Беларусі.

(працяг тут)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?