«Пашол вон, ты і твой АМОН!» — скандуе калона жанчын на праспекце Незалежнасці ў Мінску. Жанчын патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, свабодных выбараў і аднаўлення законнасці ў краіне.

Вось відэа:

Гэтым разам жанчыны сабраліся ў скверы Сімона Балівара, героя барацьбы за свабоду Лацінскай Амерыкі.

Асобы без апазнавальных знакаў вылоўлівалі жанчын з кветкамі і парасонамі ў нацыянальных колерах на суседніх вуліцах, але ўсіх не адфільтравалі.

Некалькі соцень пайшлі шэсцем.

З акон суседняга Лінгвістычнага ўніверсітэта студэнты віталі дэманстрантак нацыянальнымі сцягамі і радаснымі воклічамі.

Пасля гэтага калона скіравалася на праспект.

На марш выходзяць не ўсе. Тыя, хто баіцца затрыманняў, проста гуляюць з кветкамі па праспекце Незалежнасці паасобку. Тыдзень і два тыдні таму такіх было некалькі тысяч чалавек. Яны шпацыравалі на амаль трохкіламетровым адрэзку ад плошчы Незалежнасці да плошчы Якуба Коласа.

Жаночыя пратэсту ў Мінску па суботах працягваюцца ўжо амаль тры месяцы. У панядзелкі на цэнтральны праспект сталіцы выходзяць пенсіянеры — апошнія тыдні іх было некалькі тысяч. А ў чацвяргі сваё шэсце сталі праводзіць асобы з інваліднасцю. 

Чаму менавіта гэтыя групы насельніцтва маніфестуюць асобна? Бо лукашэнкаўцы масава затрымліваюць сваіх праціўнікаў. За час прэзідэнцкай кампаніі і пасля яе адбылося ўжо больш за 14700 затрыманняў. Выступы старых людзей і інвалідаў, якіх затрымліваюць мінімальна, гэта яшчэ і пратэсты супраць палітычнага гвалту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0