Беларускі пратэст і мастацтва на шэрых панэльках: топ-20 беларускіх кліпаў 2020 года

Аўтар: NN.by

«Наша Ніва» трэці год запар складае топ найлепшых айчынных музычных відэа. У лонг-ліст рэйтынгу трапіла амаль сотня кліпаў, якія былі ацэненыя журналістамі, а ўжо з іх мы склалі свой топ з 20 відэа. 

Што было ў папярэднія гады:

2019: Ноўнэймы і Лідзія Ярмошына: 19 найлепшых кліпаў беларускіх выканаўцаў у 2019 годзе

2018: Спакуслівыя танцы і генератар бульбы: 18 найлепшых кліпаў беларускіх выканаўцаў у 2018 годзе

Каб вы разумелі ўзровень канкурэнцыі, у дваццатку не трапілі кліпы Макса Каржа і Intelligency з мільённымі праглядамі, таксама за межамі засталіся Лявон Вольскі, Ціма Беларускіх, IOWA і адкрыццё года — гурт TOR BAND.

20. Лера Яскевіч — Месяц

У маладой блогеркі і спявачкі выдаўся вельмі насычаны год. Лера выпусціла новы альбом, запісала шмат відэаролікаў, а таксама не засталася абыякавай да падзей у краіне.

У песні «Месяц» Яскевіч спявае пра пакуты ад непадзеленага кахання, а ў кліпе жадае адпомсціць крыўдзіцелю. Але сюжэт бярэ нечаканы кірунак.

19. Shuga — Молчи

Шматлікія гурты і выканаўцы прысвяцілі свае песні і кліпы падзеям у Беларусі.

Спявачка Марына Shuga была сярод дзяўчат у белым, якія сталі ў першы жаночы ланцуг на Камароўцы, а свой апошні ролік прысвяціла ўсім тым, хто пацярпеў ад беларускіх сілавікоў.

18. Кассиопея — По колено в любви

18 лістапада выйшаў першы за пяць гадоў альбом беларускага фрык-поп гурта, а праз чатыры дні быў затрыманы яго саліст Ілля Чарапко-Самахвалаў. 15 дзён спявак і акцёр мог адчуваць, што такое быць «па калена ў любові» з дзяржавай.

Ухвальна прыняты крытыкамі рэліз некаторыя адарылі нават эпітэтам «страшны» — усё за змрочны сюжэт песень «Кассиопеи». Такі ж прысмак застаецца і пасля прагляду відэа.

17. NIZKIZ — Правілы

Сёлета магілёўскі гурт не парадаваў фанатаў сюжэтнымі кліпамі, але выпусціў, бадай, самы прыгожы візуал пра беларускія пратэсты, у якім зняліся музыканты NIZKIZ, вядомыя беларускія выканаўцы, сябры гурта і дзясяткі тысяч прыгожых беларусаў.

16. Panska Moc — Улетаю

«Мы ляцім, і гэта прыносіць спакой. Але сон не можа працягвацца вечна», — у гурта, чый кліп ужо трапляў у наш топ два гады таму, сёлета выйшла відэа, прысвечанае вандроўкам у свет ілюзій, дзе камфортна і зручна. 

15. Relikt — Туман у мора

Класічную гісторыю барацьбы дабра са злом Relikt увасобіў у гісторыю пра дзяўчыну-спартоўку, якую прэсуе азвярэлы трэнер. Перанёсшыся ў свет прыроды і адчуўшы сілы, што жывілі беларусаў спрадвеку, ахвяра перамагае страх і рашуча адказвае агрэсару.

У сувязі з падзеямі ў Беларусі такі сюжэт набывае дадатковы сэнс.

14. СiРОП — Родина 

Рэпер СіРОП запісаў трыб'ют гурту «ДДТ», але ад класічнай песні застаўся толькі прыпеў. Астатняе — рэфлексіі выканаўцы на тэму радзімы і свабоды, а ў кліпе Аляксей Загорын з'яўляецца ў вобразе смерці з касой. Таму, магчыма, ютуб і паставіў на відэа ўзроставыя абмежаванні.

У канцы відэа смерць глядзіць на Палац Незалежнасці — такі мэсэдж аўтакратычнай сістэме.

13. Super Besse — Rodina

Так супала, але ў нашым рэйтынгу суседнія месцы занялі відэа на песні з аднолькавай назвай.

Super Besse не здрадзілі сабе і выпусцілі чарговы мінімалістычны кліп, які, нібы мазаіка, складзены з кадраў беларускага жыцця: парады, хакей, краявіды з акна электрычкі і іншая беларуская рэчаіснасць.

Калі вам цікава, то ў апісанні да роліка ёсць спасылкі на кожны асобны ролік.

12. Грязь — Холода

«Дзе нарадзіўся, там і замерз», — звышкароткая рэцэнзія кліпа Дзяніса Астапава. У сваёй творчасці «Грязь» даследуе самыя непрывабныя старонкі жыцця чалавека, калі на гарызонце няма ніякага святла, а навокал суцэльны холад.

У яшчэ адным кліпе «Грязи» можна ўбачыць знаёмы вобраз суцінаўскай Евы.

11. Сяргей Міхалок & DREZDEN — BARRIKADO

Ад Сяргея Міхалка чакалі адказу на падзеі на яго радзіме. Мэтр спачатку заставаўся звонку ці казаў двухсэнсоўныя рэчы, пасля ўсё ж апублікаваў відэазварот аб'яднання Brutto Nostra і запісаў дзясяткі сторыз у інстаграме.

У снежні фанаты дачакаліся і творчага адказу: Barrikado — гэта своеасаблівы маніфест падзеям у Беларусі. Але Міхалок застаецца сабой: відэа і тэкст поўныя рэбусаў і філасофіі. 

«Гэта відэа глядзець дыскамфортна, а як жыць у паліцэйскай дзяржаве?» — піша рэжысёрка кліпа Караліна Палякова. Магчыма, праз наяўнасць кадраў гвалту відэа было выдалена з YouTube.

10. Лера Яскевіч — Я устал

З гэтым відэа ніяк не абысціся без штампаў пра элементарнасць простага.

Паглядзіце прыгожы ў сваёй прастаце кліп: дзяўчына ўцякла ад турбот у чоўне-ложку, каб прывесці думкі і справы да ладу. 

9. TORF — Люди на болоте

Музыканты некалі культавага хардкор-гурта ТТ-34 пасля яго распаду заснавалі новы калектыў TORF.

Сюжэт дэбютнага кліпа такі: некалькі чалавек абыякава глядзяць на тое, як хлопца паступова засмоктвае ў багну. Магчыма, гэта такая алюзія на сітуацыю ў Беларусі, але тут варта патлумачыць, што відэа выйшла яшчэ ў ліпені.

8. ЛСП — Бинокль

(асцярожна, у кліпе ёсць нецэнзурная лексіка)

У гэтым годзе Алег ЛСП здорава пагуляўся са сваімі фанатамі: то выпусціць рэп-оперу пра дзікоў, то здыме кліп, сюжэт якога поўны загадак, якія вельмі складана разгадаць. Але знята, безумоўна, густоўна і прыгожа.

7. КУЛЬТУРА. — ГОСТ

Гэта кліп на дэбютны сінгл новага гурта з удзелам Паўла Міхалка. Песню музыканты называюць «футурыстычным і нонканфармісцкімі творам, выкананым у стылі сінтэтычнай поп-музыкі», а таксама заўважаюць, што ўсё гэта — сатыра і што ўсе супадзенні з рэальнасцю выпадковыя. 

Маладосць у нашым топе б'е досвед.

6. duся & Sinie Gory — Колыбельная

Лірычна-псіхадэлічны ролік, прысвечаны мікрараёну Брылевічы. Як тлумачыць сэнс відэа яго стваральнік Антон Мех, гэта рэфлексія аб глабальным і лакальным перад сном, калі даўно пара б праваліцца ў нябыт, але ўспамінаеш раптам, што з гэтым светам робіцца нешта нядобрае і па квартплаце ўжо, напэўна, пеня.

5. Molchat Doma — Не Смешно

Molchat Doma куды больш вядомыя за мяжой, чым на радзіме, дзе толькі зусім нядаўна прайшоў іх першы сольнік. Пра пост-панк-трыа пішуць гіганты кшталту The New York Times, а кліпы ім здымае вядомая рэжысёрка Дар'я Жук.

Яна паспрабавала ўхапіць адчуванне падзей у Беларусі і перапрацаваць яго ва ўніверсальныя паэтычныя вобразы, а таксама перадаць пачуццё беларускага і сусветнага абсурду так, каб яно было прачутае фанатам з любой краіны.

4. TryNići: Іван Кірчук, Сяргей Доўгушаў, Маргарыта Ляўчук — Літо

Рэдкі для Беларусі прыклад «супергурта», у склад якога ўвайшлі вядомыя і аўтарытэтныя людзі музычнага свету. 

Як сцвярджаюць стваральнікі кліпа, гэта алюзія на сучасную беларускую рэчаіснасць і на падзеі, што пачаліся ў жніўні 2020 года і працягваюцца дагэтуль. У відэа кожны мусіць убачыць свае сэнсы і паралелі.

3. Елена ЖелудOk — Шчучыншчына

Песня, якая зрабіла для папулярызацыі Шчучынскага раёна больш, чым усе чыноўнікі разам узятыя. Слова «Шчучыншчына», безумоўна, стала адным са словаў гэтага года, а песня разам з кліпам назаўсёды застанецца ў нашай падсвядомасці. 

Тэст: Што вы ведаеце пра Шчучыншчыну?

2. Molchat Doma — Звезды

На другое месца мы паставілі яшчэ адзін кліп пост-панкаў з Molchat Doma. У відэа змрочная эстэтыка расквечаная яркімі фарбамі і лірызмам.

Па сюжэце галоўны герой-камунальнік, якога грае купалавец Міхась Зуй, кожны дзень зафарбоўвае графіці на сценах дамоў, але ў нейкі момант адбываецца збой — і герой перараджаецца.

Molchat Doma працягваюць тэму ЖЭС-арту, летась пра гэты від мастацтва выйшаў фільм «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа.

Глядзіце таксама: Купалаўцы Есяневіч і Зуй у «Току»: пра песню і народную любоў, чыноўнікаў і разгром Купалаўскага

1. Дай Дарогу! — Баю-Бай

Шчаслівы год для фанатаў брэсцкіх панкаў: «Дай Дарогу!» выпусцілі доўгачаканы альбом, а таксама знялі чарговы круты кліп, які заслужана займае першае месца ў нашым топе.

Нагадаем, што два гады таму ДД ужо перамагалі ў нашай падборцы. Кліпы выходзяць не так часта, як, магчыма, хацелася б, але што ні кліп, то шэдэўр.

Юрый Стыльскі прысвяціў анімацыйны ролік, які выйшаў у ліпені, падзеям у Беларусі з 1994 па 2020 год. Але ён яшчэ не ведаў, што будзе наперадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?