Фота pixabay.com.

Хутка людзі, якія пакутуюць на дэпрэсію, здолеюць атрымаць незвычайнае лячэнне. Як сцвярджаюць распрацоўшчыкі новага прэпарата, ён заснаваны на распаўсюджаным раслінным рэчыве дзімецілтрыптамін, якое мае псіхадэлічны эфект.

Падчас першай фазы іспытаў, якая пачалася ў студзені, прэпарат атрымліваюць людзі без дыягназу «дэпрэсія», якія раней не ўжывалі моцнадзейныя рэчывы. Гэта дасць вучоным магчымасць даследаваць уплыў рэчыва на мозг. Калі іспыты пройдуць паспяхова, медыкі пачнуць даследаваць розныя стратэгіі прымянення прэпарата і, нарэшце, пачнуць даваць прэпарат людзям з дэпрэсіяй, піша Daily Mail.

Прынцып працы прэпарата наступны. Ён уводзіць пацыента ў зменены стан прытомнасці, падчас якога «разбураюцца» ментальныя блокі — стэрэатыпныя тыпы паводзін, ад якіх вельмі цяжка пазбавіцца. Пасля такого лячэння патрэбнае аднаўленне з дапамогай псіхатэрапіі.

Пітэр Рэндс, кіраўнік брытанскай кампаніі Small Pharma, якая праводзіць іспыты, сцвярджае, што прэпарат можа дапамагчы людзям, з хваробай якіх не спраўляюцца вядомыя зараз лекі. Калі ўсё пройдзе паспяхова, дазвол на прымяненне прэпарата з’явіцца на працягу шасці год.

Плануецца, што лекі будуць уводзіць на працягу гадзіннай сесіі ў псіхатэрапеўта. Перад гэтым пройдзе падрыхтоўчая сесія, падчас якой пацыенту патлумачаць, на што будзе падобны стан змененай прытомнасці. Мозг павінен быць падрыхтаваны для гэтага вопыта, інакш усё не спрацуе так, як трэба.

Пасля гэтага пацыент атрымае прэпарат і мозг апынецца ў стане змененай прытомнасці, што зробіць яго больш падатлівым да тэрапіі і дазволіць змагацца з таемнымі прычынамі дэпрэсіі. Пакуль невядома, колькі сесій спатрэбіцца для поўнага вылячэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0