У кастрычніку мінулага года МЗС Беларусі правёў перарэгістрацыю ўсіх замежных СМІ ў краіне. У выніку ТАСС была выдадзена толькі адна з трох акрэдытацый, чым, па сутнасці, дзейнасць гэтага СМІ на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы была абмежаваная, зазначае агенцтва і падкрэслівае, што ўсе звароты ў МЗС Беларусі заставаліся без адказу. Карэспандэнты ТАСС акрэдытаваныя ў Мінску з пачатку 1990-х гадоў і працуюць у поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі мясцовага заканадаўства, нагадвае агенцтва.

«Сапраўды, у кастрычніку мінулага года было прынята новае палажэнне аб акрэдытацыі замежных журналістаў, у якім утрымліваецца пэўная колькасць, шэраг навацый, скажам так, у тым ліку мы прынялі рашэнне акрэдытоўваць у Беларусі як правіла грамадзян тых дзяржаў, дзе гэтыя СМІ зарэгістраваныя», — заявіў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства, адказваючы на пытанне карэспандэнта ТАСС.

«Напрыклад, Deutsche Welle мы прапануем, каб прыязджаў прадстаўнік Германіі і працаваў на тэрыторыі Беларусі ў якасці журналіста, акрэдытаванага ад гэтага СМІ. Чаму? Бо, буду шчыры, у папярэдні час на практыцы было так, што шэраг СМІ, у першую чаргу Захаду, акрэдытоўваць ў Беларусі ў якасці сваіх журналістаў апанентаў улады», — растлумачыў Макей. «Зразумела, што ў гэтай сітуацыі гэта не было, скажам, чыста аб'ектыўна журналісцкай падачай інфармацыі, як таго патрабуе ў маім разуменні закон аб журналістыцы, а, скажам, ідэалагічна зараджаны. Атрымліваўся ў выніку ідэалагічна зараджаны прапагандысцкі матэрыял, што не з'яўляецца, як мне здаецца, задачай журналістыкі. Таму менавіта такое рашэнне і было прынята».

«Цяпер у нас акрэдытавана больш за 150 журналістаў, з іх, наколькі мне вядома, палова — гэта расійскія журналісты. І тут асаблівых праблем я не бачу, — працягнуў міністр. — Што тычыцца інфармацыйнага агенцтва ТАСС, то мы акрэдытавалі аднаго прадстаўніка. Калі вы накіруеце ў найбліжэйшы час расійскіх грамадзян у Беларусь, яны будуць акрэдытаваныя літаральна на працягу кароткага часу, літаральна на працягу некалькіх гадзін».

«Што тычыцца тых персон, якія вы прапануеце, то, на жаль, на наш погляд, яны, зноў-такі буду шчыры, не зусім адпавядаюць тым крытэрыям, якім павінны адпавядаць журналісты. Таму трэба садзіцца і думаць.

І потым, у апошні час ТАСС, у нашым разуменні, часам у дачыненні да Беларусі дапускае такія кідкія загалоўкі, якія па сваёй эмацыйнай афарбоўцы пераўзыходзяць нават «Радыё Свабода»/«Свабодная Еўропа». Трэба ўсім спыніцца, падумаць, зрабіць высновы і засяродзіцца на канструктыўным вырашэнні пытання», — сказаў Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0